Супрацьдзеянне выкарыстанню Інтэрполу для пераследу беларускіх актывістаў за мяжойНародныя амбасады …

Супрацьдзеянне выкарыстанню Інтэрполу для пераследу беларускіх актывістаў за мяжой

Народныя амбасады Беларусі праводзяць гэту кампанію ў супрацоўніцтве з юрыстамі Офіса Святланы Ціханоўскай, ByPol, адвакатамі і сем’ямі пацярпелых беларусаў.

З 2020 было прынамсі 10 выпадкаў падачы ў міжнародны вышук апанентаў рэжыму лукашэнкі. У Польшчы і Славакіі актывісты былі адпушчаныя цягам 24 гадзін, а вось у Славеніі і Італіі беларусы былі пазбаўленыя волі на 2 месяцы, пакуль суд разглядаў справу аб экстрадыцыі. Да гэтага часу застаецца невядомы лёс двух беларусаў, затрыманых па запыце Інтэрпола ў Гішпаніі.

Цешыць, што не вядома ніводнага выпадку экстрадыцыі беларускіх актывістаў па лініі Інтэрпол пасля падзеяў 2020 з краін ЕС. Рада ЕС па Юстыцыі і Унутраных справах 3-4 сакавіка 2022 прыняла рашэнне “ўзмацніць пільнасць у дачыненні да запытаў аб выдачы грамадзян, якія накіроўваюцца ўладамі трэціх краін у палітычных мэтах”. Аднак беларусаў працягваюць затрымліваць для экстрадыцыі, нягледзячы на рэкамендацыі Рады і Міністэрстваў Юстыцыі розных краін і звароты ў Інтэрпол беларускіх дэмсіл і адвакатаў.

Каб атрымаць больш падрабязную карціну, ці могуць беларусаў арыштаваць і экстрадаваць у Беларусь на запыт Інтэрпола, прадстаўнікі Народных амбасадаў, сумесна з юрыстамі Офіса Святланы Ціханоўскай, адправілі запыт у МУСы, Міністэрствы Юстыцыі і Нацыянальныя Бюро Інтэрпол у 34 краінах.

Прааналізаваўшы адказы, мы вылучылі некалькі груп краін, якія ўмоўна можна лічыць “бяспечнымі” і “небяспечнымі” для беларусаў:

Літва, Латвія, Эстонія, Германія, Польшча добра дасведчаныя аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і разумеюць рызыку выкарыстання запытаў для палітычна-матываванага пераследу. У гэтых краінах вельмі ўважліва вывучаюць усе запыты, якія паступаюць з Інтэрпол ці ад беларускіх “уладаў”. Перш чым пачаць магчымы працэс экстрадыцыі, яны правяраюць, ці не будуць у выніку парушаныя правы чалавека не падвяргацца бесчалавечнаму ці зневажальнаму абыходжанню. У Эстоніі закон забараняе выдачу, калі да затрыманага можа быць прыменена смяротнае пакаранне. У пракуратуры Латвіі падкрэслілі, што практычна не супрацоўнічаюць з беларускімі органамі, арыштаваць могуць толькі за асабліва цяжкае злачынства і толькі паводле рашэння суда. Практыка паказвае, што па запытах з Беларусі затрыманні або не праводзяцца, або затрыманых адпускаюць цягам 24 гадзін. Усё  краіны падкрэслілі, што экстрадыцыя немагчыма з-за калапсу праваахоўнай сістэмы ў Беларусі.
У Партугаліі праваахоўныя органы супрацоўнічаюць з Беларуссю і могуць
арыштаваць пасля атрымання interpol Red Notice з Беларусі. За апошнія 2 гады запыты на экстрадыцыю, прадстаўленыя “ўладамі” Беларусі, былі адхіленыя «з-за сітуацыі з правамі чалавека ў дзяржаве, якая запытвае».
Улады Балгарыі, Чэхіі, Аўстрыі і Швецыі паведамілі, што дзейнічаюць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і правіламі Інтэрпол. Заяўкі з Беларусі правярае Цэнтральнае бюро Інтэрпола, якое павінна было зрабіць больш жорсткай працэдуру праверкі, каб прадухіліць злоўжыванні. Рашэнне аб затрыманні
прымае пракуратура краіны, а канчатковае рашэнне аб экстрадыцыі застаецца за Міністэрствам Юстыцыі ці Вярхоўным судом.
Улады Кіпра і Венгрыі адказалі, што не існуе асаблівай працэдуры для запытаў з Беларусі, і грамадзяне гэтай краіны могуць быць затрыманы для экстрадыцыі.
У Славеніі і Італіі мы можам ацаніць працэдуру працы з Інтэрпол на практыцы. Беларусы былі затрыманыя і змешчаныя пад варту (у Італіі пазней перавялі пад хатні арышт). Нягледзячы на тое, што ў выніку беларусы былі вызваленыя, праз бюракратычныя працэдуры яны былі пазбаўленыя волі амаль 2 месяцы. Прадстаўнікі Народных амбасад і дэмсіл Беларусі ў абодвух выпадках арганізоўвалі грамадскую кампанію па вызваленні сваіх суграмадзян. Ёсць падставы спадзявацца, што гэтыя кейсы і матэрыялы судовых паседжанняў стануць прэцэдэнтам, каб прадухіліць затрыманні беларусаў у будучыні.

У бліжэйшы час мы дадзім рэкамендацыі беларускім актывістам, на якіх заведзены, ці могуць быць заведзены крымінальныя справы ў Беларусі.

Народныя Амбасады | Ананімны зварот

Народныя амбасады Беларусі

Канал Народных амбасадаў Беларусі (НА) ў якім мы распавядаем аб сваёй дзейнасці і звязаных з намі навінах.

Публічны чат для размовы: @PEofBelarus_chat

Чат-бот для зваротнай сувязі: @PEofBelarus_bot

E-Mail: [email protected]