Што рабіць беларусам замежжа ў сувязі з прыпыненнем выдачы пашпартоў пасольствамі Рэспублікі Беларус…

Што рабіць беларусам замежжа ў сувязі з прыпыненнем выдачы пашпартоў пасольствамі Рэспублікі Беларусь? 

Прадстаўніцтва па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі разам з Народнымі Амбасадамі Беларусі падрыхтавалі рэкамендацыі ў сувязі з адмовай рэжыму выконваць шэраг сваіх консульскіх абавязкаў:

І. Не ехаць у Беларусь, калі вам можа пагражаць пераслед. Свабода і здароўе важнейшыя. 

ІІ. Калі ў вас ёсць від на жыхарства ў краіне, вы можаце атрымаць «Пашпарт замежніка». Іх выдаюць шмат якія краіны, дзе жывуць беларусы: Польша, Літва, Нямеччына, Аўстрыя, Ірландыя, Італія, Славенія, Гішпанія, Чэхія, Грузія, Велікабрытанія, Эстонія, Нарвегія, Люксембург, Фінляндыя, Латвія, Швецыя і інш. 

Для атрымання пашпарта трэба звярнуцца ў адпаведную ўстанову МУС у краіне вашага знаходжання, напісаць заяву з просьбай выдаць «пашпарт замежніка» і абгрунтаваць, чаму ў вас няма магчымасці атрымаць пашпарт Рэспублікі Беларусі:

Пасольствы Беларусі ад 07.09.2023 спыняюць выдачу пашпартоў і адмяняюць запісы ў консульствы (дадаць указ з перакладам на мову краіны знаходжання).

Вам небяспечна вяртацца ў Беларусь, бо вас могуць арыштаваць на мяжы. Прыклады азначаныя ў Даведніку рэпрэсій.

З вашай краіны няма цягнікоў і самалётаў у Беларусь з-за еўрапейскіх санкцый.  

ІІІ. Калі вам пагражае пераслед па палітычных матывах у Беларусі — падавайцеся на міжнародную ахову і атрымлівайце жэнеўскі пашпарт або іншы від праязнога дакумента. Гэта складаны, але надзейны спосаб легалізавацца ў краіне і не залежыць ад пасольстваў ці ўладаў Беларусі. Падаць заяву на міжнародную ахову можна ў паліцыі, міграцыйнай і памежнай службах. 

Аб’яднаны Пераходны Кабінет працягвае працу над прызнаннем нацыянальнага пашпарта Беларусі, а мы неўзабаве  апублікуем інструкцыі, як атрымаць пашпарт замежніка ў розных краінах.

Народныя Амбасады | Ананімны зварот