Люты. Бахмут.Пазіцыя “Жыгуль”.(аповед 15)На мапе мне прыглянуўся прыватны сектар. Дарога да яго ішла…

Клачко Аляксандр Кусь ##Беларуская мова #Вайна #Войска

Люты. Бахмут.
Пазіцыя “Жыгуль”.
(аповед 15)


На мапе мне прыглянуўся прыватны сектар. Дарога да яго ішла праз невялікі вадаем. Жылыя дамы размясьціліся на схіле ўзгорка, які пачынаўся з нізіны, схаванай за высокім насыпам чыгуначнай дарогі.

Мы праехалі чыгуначны мост, звярнулі направа да ўжо знаёмых нам гаражэй і пяціпавярхоўкі, якая стане нам арыентырам. Праехалі вадаем і павярнулі направа ў жылы масіў.

Спыніліся ля аднаго з дамоў. Плот часткова адсутнічаў, таму на тэрыторыю мы трапілі без перашкод. Уваход у дом быў з двара і глядзеў на усход. Дзверы былі расчынены.

Побач з домам стаяў ускрыты гараж з якога выглядала машына сіняга колера. Гэта быў звычайны “Жыгуль” у якога адсутнічала адно пярэдняе кола.

На агародзе выставілі сапог. Ягонае дула глядзела ў бок высокага насыпа чыгункі.

Я з’арыентаваўся па сектару абстрэла – калі падпіліць вяршыню невялікай вішні – весьці агонь з сапага нічога не замінала. Адлегласьць да патэнцыйных цэляў была таксама камфортная – 1,5 – 3 км. Я выбраў кропку на агародзе. Саму кропку мы пазначылі цэглай. З дапамогай GPS трэкера высвятліў яе каардынаты і, забіваючы яе ў свой планшэт, доўга не думаючы даў ёй назву – “Жыгуль”.

Так мы знайшлі пазіцыю з якой мы развіталіся толькі 21 лютага 2023-га – гэта быў апошні дзень, калі я апошні раз трапіў у сам Бахмут.

(Бахмут, пазіцыя “Жыгуль”, Бача (у гаражы) і Ваяр (ля сапага), 14 лютага 2023)