Частка 3
(Трэці негатыў ад украінцаў)
Першая палова дня, 10 кастрычніка 2022-га года, Кіеў, станцыя мятро “Жытомірская” падчас ракетнага абстрэлу. Я накіроўваўся на запланаваную кансультацыю да стаматолага.
Спускаюся ў мятро. Апрануты па-цывільнаму. Цікава, але я не ведаў, што мятро не працуе пад час паветранай трывогі! Шмат людзей. Злева на пероне стаіць цягнік. Падыходжу да жанчыны сярэдніх гадоў. Яна, відавочна, стаіць побач з мужам (ён увесь час маўчаў).
– З якога боку цягнік ідзе да “Тэатральнай”? – запытаў я па-беларуску.
– ВИ УКРАЇНЕЦЬ? МОВА У ВАС НЕЗВИЧАЙНА!
– НЕ, Я БЕЛАРУС
– А ЩО ВИ ТУТ РОБИТЕ? СЬОГОДНІШНІ РАКЕТИ ПРИЛІТЯЛІ З ТЕРИТОРІЇ БІЛОРУСІ!
– ВАЮЮ ЗА ВАС! – ўжо з абурэннем адказаў я – ВЫ НА ПЫТАННЕ АДКАЖЫЦЕ.
– ГОН ТАМ СХЕМУ РУХУ ПОЇЗДІВ…
Яшчэ яна сказала, што цягнікі зараз не ходзяць. Па схеме мой цягнік павінен быў ісці з іншага боку. Я пастаяў хвілін колькі ў надзеі, што рух аднавіцца. Марна. Сабраўся на выхад. І… злавіў на сябе уважлівы позірк той самай жанчыны.
“За шпіёна мяне лічыць”, – падумаў я і ўсё ж такі вырашыў падысьці да яе паразмаўляць больш спакойна.
Падыйшоў. Паказаў свой украінскі вайсковы квіток. Яна яшчэ запытала ці ўкраінскі ён Паказаў ёй “трызубец” на пячатцы. Здаецца трошкі супакоілася, што я не вораг.
Расказаў ёй пра тое, што “трызубец” у Беларусі не забаронены, але за яго штрафуюць і могуць кінуць за краты. Распавёў гісторыю ўкраінкі з беларускім відам на жыхарства, якую затрымаў аналаг “СС” – ГУБАЗІК. Яе аштрафавалі за “трызубец” на машыне. Заставілі яго здзерці і наклеілі лукашысцкі чырвона-зялёны сцяг.
І далей тое, што пры выпадку спрабую данесьці ўкраінцам: два гады неспыняемых рэпрэсій, вынішчэнне ўсяго беларускага, двайная акупацыя (рэжымам і рускімі).
На прыканцы я сказаў тое, што лічу на самой справе:
– ВЕДАЕЦЕ, МНЕ ТУТ НА ВАЙНЕ ВА ЎКРАІНЕ, ЛЯГЧЭЙ МАБЫЦЬ, ЧЫМ МЕЙ Я МАГЧЫМАСЬЦЬ ТРАПІЦЬ ЗАРАЗ У БЕЛАРУСЬ НЕ ЗА КРАТЫ. Я БЫ ТАМ ВОЗДУХАМ АДНЫМ СА ЗЛАЧЫНЦАМ ЛУКАШЭНКА ДЫХАЦЬ НЕ ЗМОГ БЫ. НЕ ЗМОГ БЫ ХАДЗІЦЬ ПА ВУЛІЦАХ, ЗАВЕШАНЫХ НА КОЖНАЙ КРАМЕ ЛУКАШЫСЦКІМІ СЦЯГАМІ, МІМА ПАТРУЛЯ З ТРОХ МЯНТОЎ. ХІБА ТОЛЬКІ КАЛІ КАМЕННЕМ ЦІ ПАЛКАЙ ПА СПІНАХ ПЕРАЦЯЎ ІХ – МО ТАДЫ ТОЛЬКІ Б УЗДЫХНУЦЬ ЗМОГ ПАВЕТРА!
Пажадаў ім усяго добрага і пайшоў у сваім напрамку на выхад.
Трэці негатыў ад украінцаў я ўспрыняў са змешаным пачуццём:
– 50 адсоткаў злосьць – БО НЕ ВЕДАЮЦЬ У БОЛЬШАСЬЦІ СВАЕЙ УКРАІНЦЫ, што адбылося ў Беларусі ў 2020-м. Што адбываецца там зараз.
– 50 адсоткаў прыняцця – як ні круці, а я лічу, што кожны беларус нясе адказнасьць за тое, што адбываецца на нашай зямлі. Хто з галавой вінаваты, хто па грудзі, хто па шчыкалатку. Але гэта наша зямля. Гэта наша справа вызваліць яе. Ніхто за нас гэтага рабіць не будзе.