Дарога на вайнуАповед 19: Чыгуначны вакзал Львова ў пачатку вайны7 сакавіка 2022-га, вечар, Львоўскі…

Дарога на вайну
Аповед 19: Чыгуначны вакзал Львова ў пачатку вайны

7 сакавіка 2022-га, вечар, Львоўскі вакзал. Мы чакаем цягнік на Кіеў.

Гэта першая мая сустрэча з Львовам. Напярэдадні мы правялі каля 2 дзён у адным з мікрараёнаў Львова. І, нарэшце, атрымалі дазвол ехаць чыгункай у Кіеў.

Ужо па цемры даехалі да чыгуначнага вакзала. Горада я амаль так і не пабачыў тады.

Асаблівае ўражаньне пакінуў чыгуначны вакзал. Калі, дакладней – вялізныя чэргі бежанцаў.

Усе яны імкнуліся хутчэй пакінуць межы атакаванай расейцамі Ўкраіны. Чакалі бліжэйшага цягніка ў Польшчу.

Добра памятаю свае пачуцьці ў гэты вечар.

Я іх не запісваў, але яны настолькі яскравыя, што лёгка перадаюцца нават праз паўгады.

Цемра. Холад. Вялікая чарга бежанцаў. У асноўным жанчыны з дзецьмі. Там-сям, для сугрэву, гарыць агонь у бочках.

Мірныя ўкраінцы сотнямі бягуць ад вайны ў Польшчу.

Вялікая, занепакоеная невызначанай будучыню, жывая рака людзей імкне свае воды на Захад.

Маленькі ручаёк “вар’ятаў” накшталт нас імкнецца, быццам матылёк на смяротнае полымя свячы, у прыгатаваўшыся да асады Кіеў.

Цягнік на Кіеў быў са спазненьнем.

Па маіх падліках супраць агульнага цячэньня ехала 25 чалавек.

Са мной ў купэ сядзеў сталы мужчына з жонкай. Яго не выпускалі, як вайсковаабавязанага, з Украіны і, вывезшы дачок у Польшчу, ен вяртаўся дадому – у Кіеў.

Было трохі жудасна ад невызначанасьці таго, што чакала нас наперадзі.

Асада Кіева? Гарадскія баі?

Мы ехалі бараніць Кіеў.

Ён сустрэў нас пустымі прашпектамі, блокпастамі і супрацьтанкавымі яжамі.

P.S.: гэты аповед я напісаў 02.11.2022 года ў падвале прыфрантавой базы батальёна “Волат” у Краматорску. Вырашыў пакінуць яго без змен, хаця ёсьць жаданьне дадаць дробныя дэталі. Але не. Не буду псаваць.
#зрабікуськабвызваліцьбеларусь
#беларусьбудзевольнай