З прыкрасьцю адзначаю, што праз 3,5 гады паўнамаштабнай расейскай агрэсіі расеі супраць Украіны пыта…

З прыкрасьцю адзначаю, што праз 3,5 гады паўнамаштабнай расейскай агрэсіі расеі супраць Украіны пытаньне “Прававы і гуманітарны статус беларускіх ветэранаў і дабраахвотнікаў ва Украіне” не з’яўляецца прадметам належнай цікавасьці з боку украінскай улады.

Чаму я раблю такія высновы? З прадстаўнічасьці ўкраінскага боку на суадноснай панэлі чацвёртага Форума Астрожскіх у Кіеве, які адбыўся 15 лістапада 2025: акрамя двух прадстаўнікоў вайсковай часціны ГУРа на панэлі ад украінскага боку нікога не было.

У залі быў адзіны дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Дунда, які, на мой погляд, не разбіраўся ў сітуацыі з беларускімі добраахвотнікамі і іх сем’ямі, але імкнуўся дэманстраваць эрудыцыю ў пытаньнях фронту і агульных парадах беларускім палітыкам, не звязаных з тэмай легалізацыі.

Прысутнічалі таксама ў залі з украінскага боку і, спадзяюся на сваіх узроўнях адыграюць станоўчую роль у вырашэньні пытаньняў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне Яўген Магда і Змітро Грамакоў.

З беларускага боку на панэлі прысутнічалі Ян “Беларус” Мельнікаў, Уладзімір Явароўскі, Аляксандр “Кусь” Клачко.

Мадэратарам панэлі быў Зміцер Шчыгельскі. Варта адзначыць, што праз залішнюю актыўнасьць часам мне здавалася, што ён быў адным з галоўных спікераў панэлі, а мы выступалі фонам. Непрыгожая сітуацыя адбылася з фактычным блакаваньнем пытаньняў ад Тацьцяны Мартынавай.

Агульнае ўражаньне ад панэлі: нібыта мы сабраліся вузкім колам знаёмых людзей. Неабавязкова дзесьці ва Украіне. Паразмаўлялі паміж сабой пра тое, што і так ведалі і… разышліся. Не лепшае ўражаньне, нажаль. Ці то выходны дзень (субота), ці то іншыя абставіны не дазволілі, але хочацца бачыць на такіх важных панэлях не тое, што дэпутатаў Вярхоўнай Рады але і тых, хто прымае канчатковыя рашэньні – прадстаўнікоў офіса Прэзідэнта Украіны.

У любым выпадку ўдзячны арганізатарам за запрашэньне. Ведаю, што кропля камень точыць. Плюс знаёмствы, стасункі ўжывую, кулуарныя перамовы – не апошнія, а, часам, і галоўныя складнікі такога рода мерапрыемстваў.

Якія пытаньні былі ўзняты?
– легалізацыя
– выплаты сем’ям загінуўшых
– афіцэрская адукацыя і магчымасьць атрыманьня званьняў для беларускіх добраахвотнікаў
– адвакатаваньне ўкраінскім бокам статуса ветэранаў (не толькі беларускіх, але і літоўскіх і іншых) у краінах ЕЗ
– уключэньне беларускіх добраахвотнікаў украінскім бокам у рэабілітацыйныя спісы ў Літве
– атрыманьне пасведчаньня Удзельніка баявых дзеяньняў для ветэранаў, якія скончылі службу і маюць на яго права
– Аляксандра Мамаева ўзняла пытаньне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і прапанавала выкарыстоўваць у якасьці дадатковага інструмента для гэтага Нацыянальны пашпарт Беларусі
– Аліна Коўшык актыўна адвакатавала з залі пытаньні беларускіх добраахвотнікаў.

Беларусь, як і Украіна, будуць вольнымі.