Мёрзлі рукі і таму па сканчэньні мітынга мы адразу вярнуліся дадому.”А што далей рабіць?” – гэтае пы…

Мёрзлі рукі і таму па сканчэньні мітынга мы адразу вярнуліся дадому.

“А што далей рабіць?” – гэтае пытаньне паўстала перада мной так выразна, як калі б я стаяў на скрыжаваньні дарог і вырашаў свой далейшы лёс.

Уся мая ўнутраная сутнасьць патрабавала дзеяньня! Дзеяньня, якое мне трэба зараз здзейсніць. Якое? Я не ведаў. (Менавіта з таго дня я пачаў заўважаць за сабой, што пры прыняцьці важных рашэньняў, мне важна прыслухоўвацца да свайго ўнутранага самаадчуваньня: “А ці правільна я раблю?”).

Я разумеў адно: я магу прыняць самае лёгкае рашэньне: “нічога не рабіць” і застацца стаяць на гэтым скрыжаваньні. Нікуды не рухацца. Нічога не прадпрымаць. У гэтым выпадку я перастаў бы лічыць сябе маючым права заклікаць да супраціва беларусаў унутры краіны. Бо я знаходзіўся ў бяспечнай Вільні. Яны – фактычна пад акупацыяй нелегітымнага рэжыма і масквы. Я ніколі не заклікаў беларусаў да таго, што не рабіў альбо не гатовы зрабіць сам і сваім прыкладам паказаць іншым. Для мяне гэта важна.

Я шукаў адказ на пытаньне “А што далей рабіць?”, якое літаральна распірала мяне знутры. Сходу не мог знайсьці адказ на яго. Усе мае думкі былі вакол таго, што маю родную зямлю без маёй згоды маскоўскія акупанты па дамоўленасьці з нелегітымным рэжымам лукашэнкі выкарысталі для нападу на незалежную Украіну.

Свет змяніўся раптоўна. Для большасьці гэта адбылося 24 лютага 2022. Для мяне гэта змена адбылася 27 лютага 2022.