Мітынг на Лукішскай плошчы супраць нелегітымнага рэферэндума і вайны з удзелам Святланы Ціханоўскай

Клачко Аляксандр Кусь ##Беларуская мова #Вайна #Войска

Сёньня на Лукішскай плошчы мітынг. Супраць нелегітымнага рэферэндума. Супраць вайны.

Яснае марознае надвор’е.

На адной маёй шчацэ фарбай намаляваны наш беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, на другой – украінскі блакітна-жоўты. У Любы намалёвана тое самае.

Мабыць таму да нас і падыходзілі журналісты. Аднаму я даў каментар на дыктафон, а другому, з “Wilno”, на камеру. Пытаньні ў іх былі падобныя: “З якой нагоды вы тут сёньня сабраліся?”

Беларусы разгарнулі расцяжку з надпісам: “Русский военный корабль иди на х@@”.

У мітынгу прымала ўдзел і Святлана Ціханоўская. Трымаючы перад сабой папку з выявай свайго мужа-палітвязня Сяргея Ціханоўскага яна заявіла пра пагрозу страты Беларуссю суверэнітэта і пра стварэньне Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Побач з ёй, падчас ёйнага выступу, стаялі Аляксандр Дабравольскі, Ганна Красуліна і Вольга Кавалькова. З лагатыпам “Belsat” на мікрафоне пасярэдзіне выступа да яе падыйшла Аліна Коўшык. За спіной Ціханоўскай стаялі незнаёмыя мне тады яшчэ будучыя беларускія добраахвотнікі “Лом” і Віктар “Лешы” Савіч. Бэлла Фокс здымала выступ на свой тэлефон.

“…Сённья вырашаецца лёс нашай краіны, годнасьць нашай нацыі і бяспекі нашага рэгіёна. І сёньня і далей ў беларусаў ёсьць шанец даказаць, як сказаў прэзідэнт Украіны, хочам мы быць Расеяй альбо Беларусьсю. Жыве Беларусь і Слава Украіне!”, – такімі словамі скончыла сваю прамову Ціханоўская.

“Немного сегодня людей”, – сказала яна з лёгкім расчараваньнем у голасе, праходзячы каля мяне з Любай.
“24-го много было на марше к российскому посольству”, – адказаў я і дадаў, каб падтрымаць яе: “Вы наш президент!”

Гэта быў апошні дзень, калі я назваў Святлану Ціханоўскую прэзідэнтам.