Сярод такіх бунтарскіх думак была перайсьці ў іншы падроздзел.І “ваеншчына” Курсанта была не асноўна…

Сярод такіх бунтарскіх думак была перайсьці ў іншы падроздзел.

І “ваеншчына” Курсанта была не асноўнай прычынай. Яна толькі магла падштурхнуць да такога рашэньня.

Асноўнай прычынай было наступнае:

Адпрацаваўшы з сапагом 4 месяцы, я ўжо больш менш яго засвоіў. Вайна ператварылася ў штодзённую руцінную працу: зранку загрузіў у пікап сапог і скрыні са снарадамі, даехаў да пазіцыі, выгрузіў, усталяваў сапог, страляеш-чаргуеш, вечарам загрузіў пікам, даехаў да дома, выгрузіў, пачысьціў сапог, лёг спаць.

Я пачынаў адчуваць сябе раслінай, якая расьце ў памяшканьні і ўжо дарасла да столі. Хоча расьці далей, а далей – няма куды – столя замінае.

Падобнае пачуцьцё ў мяне было падчас маёй працы на чыгунцы, калі я за тры гады працы кладаўшчыком (2007-2010) імкнуўся развівацца далей. І для гэтага трэба было мяняць пасаду. Я стаяў у сваім прафесійным развіцьці на месцы. І гэта нагадвала мне працэс гніеньня альбо дэградацыі. Тады я перайшоў на пасаду інжынера жыльлёвага адзела па зваротам грамадзян.

І вось зараз перада мной зноў паўстала пытаньне: “Куды рухацца далей, каб развівацца?”

Адказ быў: “аператар БПЛА альбо штурмавік”.

Навыкі першага былі б карыснымі і ў грамадзянскім жыцьці і ў якасьці баявога досведа. Але з мінусаў было тое, што я лічыў гэту працу занадта бяспечнай для мяне і майго адчуваньня свайго месца на вайне.

Для мяне ідэальнае месца на фронце – гэта нуль, альбо засады ў шэрай зоне як было пад Гуляй Поле.

Нават сапог для мяне знаходзіўся па-за зонай майго кампорту – у 1-2 кілометрах ад лініі фронту. І толькі разуменьне яго эфектыўнасьці нівеліравала для мяне гэты момант. Мінамётчыкам я ніколі не жадаў быць,бо гэты яшчэ большая адлегласьць ад нуля чым сапог. І гэта не папрок у бок мінамётчыкаў, чыя праца, насамрэч, вельмі карысная, хоць амаль такая ж, з часам, руцінная, як праца з сапагом. Гэта адчуваньне майго асабістага месца на фронце і той адлегласьці, якая аддзяляе мяне ад найбольш актыўных яскравых і небяспечных падзей на вайне.

Праца штурмавіка, наадварот, выглядала для мяне занадта небяспечнай. Я заўсёды адносіўся да нашых штурмавікоў як да напалову багоў, тым самым аддаючы даніну іх мужнасьці.

Пры гэтым я заўсёды лічыў, што ва Украіне беларускія добраахвотнікі павінны выконваць задачы па дэакупацыі Украіны, але пры гэтым максімальна захоўваць сябе для Беларусі: замест нас украінцы не пойдуць вызваляць Беларусь. Падтрымаць – да. Але вызваляць – толькі мы, беларусы, павінны самі.

Каб патрапіць у штурмавікі, трэба было заручыцца згодай Ваўкалака. Бо я ведаў, што Воскар збіраўся перайсьці да яго ў 5-ку, але Ваўкалак адмовіў яму, сказаўшы, што той яшчэ не гатовы. І таму Воскар штодня займаўся фізічнымі практыкаваньнямі, каб набраць форму, якая дазволіць яму трапіць у штурмавікі.

З такімі думкамі і трошкі сапсаваным настроем (уяўляю сабе настрой Д(жона), я вяртаўся з апошняга свайго баявога.