Абавязковай умовай Курсанта для таго, каб нам падчас ратацыі на 7 дзён патрапіць у Кіеў былі два зал…

Абавязковай умовай Курсанта для таго, каб нам падчас ратацыі на 7 дзён патрапіць у Кіеў былі два залікі.

Першы ў Курсанта па ПТУРах. Другі па СПГ-9 ў Г(ідры).

Сапог я, як планшэтыст ведаў спачатку і да канца: мог усталяваць яго па арыентырам, зарадзіць, разлічыць параметры наводкі па каардынатам цэлі праз “Крапіву”, навесці фізічна, стрэліць, адкарэгаваць параметры стрэла у выпадку неабходнасьці. Безумоўна па хуткасьці зарадкі і фізічнай падводцы я саступаў Бачы і Ваяру, паколькі яны на практыцы ледзь не кожны дзень адпрацоўвалі свае функцыі да аўтаматызма.

Ваяр быў прызначаны Курсантам камандзірам нашага разліка. Ён добра ведаў працу заражаючага Бачы і сваю ў якасьці наводчыка. З большага разумеў працу планшэтыста і, у выпадку майго параненьня, павінен быў замяніць мяне.

Бача быў ідэальным заражаючым. Тэарэтычна ведаў прынцып фізічнай наводкі. Але з планшэтам адразу сказаў: “Хлопцы, у мяне ўжо не той узрост. Я умею зараджаць. А з планшэтам вы ўжо без мяне”. Мы былі задаволены яго баявой працай і так, утрох, з канца снежня 2022 па красавік 2023 працавалі як разлік сапага ў Бахмуце, Нью-Ёрку, што ў 10 км ад Горлаўкі і Мінькаўцы, што ў 12 км ад Бахмута.

Пару разоў да нашага разліка далучаўся Д(жон) у якасьці камандзіра. Але то было хутчэй выключэньнем, чым правілам.

З ПТУР “Мілан”, тэарэтычна, мы павінны былі працаваць у тым жа складзе. Але на практыцы адбывалася інакш.

Адзіны раз за перыяд існаваньня нашага разліка (канец снежня 2022 – красавік 2023) нам давялося працаваць з “Міланам”. Гэта быў выпадак, калі нам з Ваяром паставілі задачу знішчыць загразшы на крутым схіле ва ўсходняй частцы Бахмута ўкраінскі танк.

А да таго, да знаёмства з сапагом (кастрычнік – снежань 2022) ў разліку “Мілана” я працаваў як заражаючы з Курсантам і Бахусам (падчас боя пад Гуляй поле). І з Бачой і Г(урам) падчас абароны ўсходніх ускрайкаў Бахмута (тады мы працавалі па расейскім бліндажам і назіральным пунктам на даволі маляўнічай лініі сутыкненьня). Адзін раз выходзілі з Бачой на задачу з Курсантам замест Г(ура).

Практычны досвед рабіў для нас залік па сапагу лягчэйшым, чым па ПТУРам, сярод якіх быў не толькі знаёмы нам “Мілан”, але і трафейныя “Фагот 9П135” і “Конкурс” (“Фагот 9П135М”), а таксама “Карнэт 9К135” і “Карнэт-Д”. Для паляпшэньня нашых тэарэтычных ведаў я нават стварыў табліцу Excel для сябе і для хлопцаў.

Чым бліжэй быў час да ратацыі, тым больш часу мы прысвячалі падрыхтоўцы да заліку.