З(ёлка) працаваў у разліку нашых зменшчыкаў. Упершыню я памятаю яго як ехалі ў купэ цягніка разам з …

З(ёлка) працаваў у разліку нашых зменшчыкаў. Упершыню я памятаю яго як ехалі ў купэ цягніка разам з Д(жонам). Здаецца то была восень 2022 і мы ехалі з Кіева ў Львоў на тыднёвыя скарочаныя курсы аператараў супрацьтанкавых ракетных комплексаў.

Наступны раз З(ёлка) з’яўляецца між нас ў другой палове нашай баявой кадэнцыі ў красавіку 2023 у сяле Раскошным.

Мы ўжо чулі, што З(ёлка) збіраўся разарваць кантракт з ЗСУ але Курсант яго адгаварыў і папрасіў застацца хоць на нейкі час і не спяшацца з рашэньнем.

Чаму З(ёлка) планаваў сысьці?

З той інфармацыі, што мы ведалі, З(ёлку) выклікалі ў СБУ для праходжаньня паліграфа. Падчас працэдуры ў яго “папрасілі” тэлефон для агляду і знайшлі там інфармацыю асабістага характара чутлівую для З(ёлкі).

СБУ выкарыстала пагрозу апублічваньня гэтай інфармацыі для схіленьня З(ёлкі) да супрацы. У чым заключалася супраца і іншыя дэталі мы не ведалі, бо З(ёлка) з вялікай неахвотай закранаў гэту тэму.

Увогуле ён моцна змяніўся пасля таго. Стаў замкнёны, маўклівы і маркотна-змрочны. У вольны час аддаваў перавагу сну. У ім знаходзіў забыцьцё.

Паміж сабой мы вырашылі, што СБУ прапанавала З(ёлцы) даносіць ім пра нас – чым жывуць і дыхаюць беларускія добраахвотнікі.

Хаваць ад Украіны нам не было чаго – нашы інтарэсы і задачы ў гістарычным моманце супадалі. Таму З(ёлку) мы не асьцерагаліся. Нават спачувалі яму. Дапагчы аніяк не бачылі магчымасьці, бо цяжка дапамагчы чалавеку, які сам адмовіўся ад барацьбы.

Я пару разоў гіпатэтычна ставіў сябе на месца З(ёлкі) і думаў як бы я павёў сябе ў аналагічнай сітуацыі. (Спадзяюся, што па-іншаму).

На прыкладзе З(ёлкі) я чарговы раз пабачыў якімі метадамі прывыклі дзейнічаць спецслужбы постсавецкіх краін. Гэты і іншы досведы давалі мне падмурак і веды для таго, каб разумець як можна супрацьстаяць варожым спеслужбам (КДБ, ФСБ). Але аб гэтым я прамаўчу, бо ведаю, што мяне чытаюць тыя, каму я гэтую інфармацыю даваць не хачу.