Бяздзейнасьць на вайне хутка ператвараецца ў сутыкненьне характараў, светапоглядаў і, нават, звычак….

Бяздзейнасьць на вайне хутка ператвараецца ў сутыкненьне характараў, светапоглядаў і, нават, звычак.

Так сталася зараз паміж Бачой і З(ёлкай). Пра Бачу я ўжо пісаў, што як заражаючаму ў нашым разліку яму цаны не было. Але, як толькі выпадаў час без задач, то хоць у бульбу ад яго хавайся – знойдзе занятак не толькі сабе, але і таму хто побач, не заўсёды ўлічваючы інтарэсы гэтага чалавека і мэтазгоднасьць занятка.

Для сябе я Бачу ўжо даўно ахарактэрызаваў так: “Калі Бача ёсьць, з ім няпроста, але калі Бачы няма – яго не хапае”.

У той вясновы дзень Бача, Г(ур) і Воскар вярнуліся з копкі бліндажа. Я з Ваяром яшчэ не вярнуліся з Краматорска, куды ездзілі па вайсковых справах. Таму толькі па прыезду даведаліся, што Бача, вярнуўшыся з працы і ўбачыўшы ляжачага ў ложку З(ёлку) накінуўся (словамі) на яго за тое, што той нічога па дому не зрабіў. І, нават, запасаў вады не папоўніў.

З(ёлка), які гэтыя дні і так быў без настрою, ды яшчэ з прасонку і неведаючы, што трэба было падбаць пра запасы вады (дарэчы я з Ваяром таксама пра гэта не ведалі, інакш прывезлі б ваду з Краматорска), раззлаваны падскачыў да Бачы, сціснуўшы кулакі.

Бойкі не адбылося. Але канфлікт здарыўся.

Інфармацыя дайшла да Курсанта. Ды не праз кагосьці, а праз Бачу – ён сам напісаў рапарт на З(ёлку) і перадаў яго Курсанту падчас здачы “заліка” па веданьню ПТУРоў. (Без гэтага заліка і заліка па СПГ-9 у Г(ідры) нас не адпускалі на ратацыю ў Кіеў. Толькі ў Вільнянск на базу.)

Калі інфармацыя дайшла да Курсанта, то той загадаў Д(жону) памірыць Бачу і З(ёлку), абавязаўшы іх разам капаць акоп. Не памятаю рэакцыю З(ёлкі) але Бача ні ў якую не пагадзіўся. А Д(жон) не прымушаў. І правільна зрабіў, бо, на маю думку, гэта толькі справакавала б канфлікт яшчэ болей.

Па выніку Бача з З(ёлкай) яшчэ нейкі час дзьмуліся адзін на другога, а Курсант застаўся незадаволены Д(жонам) за невыкананье свайго даручэньня, што яшчэ адыграе сваю ролю ў дзень нашай ратацыі – 21 красавіка 2023.