Узгадваючы В(арфаламея), памяць мая заўсёды вяртае ўспаміны пра Персіка.Персік – гэта руды кот, які …

Узгадваючы В(арфаламея), памяць мая заўсёды вяртае ўспаміны пра Персіка.

Персік – гэта руды кот, які нарадзіўся, імаверна, увесну 2022 на Данбасе.

Ён жыў з намі ў склепе Часовага Яра да канца лютага 2023. Шкоды не рабіў, паводзіў сябе нядрэнна. Калі б у той час вы папрасілі Куся і Бачу пазнаёміць вас з Персікам, то мы б зрабілі гэта так:

– Гэта наш коцік. Клічуць яго Персік. Ён вельмі разумны, ловіць мышэй. І вось так вось гуляецца з цацкай на нітачцы. Яму вельмі падабаецца. Бача, пакажы як ён з ёй гуляе!
– Не, гэта трэба паймаць натхненьне. Ён на заказ не робіць, – адкажа Бача, гуляючы з Персікам гэтай самаробнай цацкай.
– Ён бывае сам падкідае гэтую цацку і ловіць яе.
– ..як натхненьне ў яго ёсьць, – дадасьць Бача.
– Вось такі ў нас цудоўны кот, – закончу я прэзентацыю Персіка, які гойсае за цацкай на нітачцы па нашаму драўлянаму лежаку паміж спальнікамі, бронекамізэлькай і каскай з патронамі.

У тыя часы В(арфаламей) быў сувязістам у штабе батальёна “Волат”. Напрыканцы лютага 2023, калі ўжо хадзілі размовы пра перанос франтавой базы з Часовага Яра ў больш бяспечную Канстанцінаўку праз маруднае але няспыннае прасоўваньне акупацыйных войск расеі ўглыб украінскай зямлі, узнікла пытаньне лёсу Персіка і двух сабак, што жылі з намі ў склепе Часовага Яру.

Калі ніхто не забярэ Персіка, то гэта зраблю я і нейкім чынам адпраўлю да сваіх у Вільню. Але апякунства над Персікам узяў В(арфаламей). Ён хацеў перадаць яго свайму сыну ў Беларусь. Так Персік пераехаў са склепа Часовага Яра на нашу прыфрантавую базу ў Вільнянск, што пад Запарожжам.

Сустрэўшы В(арфаламея) там напрыканцы сакавіка 2023 я запытаў у яго:
– Як Персік? Не бачна яго.

Аказалася, што на кароткі час В(арфаламей) з’язджаў з Вільнянска. І за гэты час Персік трапіў у непрыемную гісторыю: мясцовыя жанчыны, якія ў сталовай гатавалі нам ежу, знайшлі какашкі ў катле з кашай. Падазрэньне пала на Персіка. Яго пабілі і ён уцёк.

Больш Персіка мы не бачылі.