Дзве мае бабулі з адной вёскі – Дамашэвічы. Бабуля па-бацьку жыла бліжэй да станцыі Дамашэвічы, па-маці – у супрацьлеглым канцы вёскі ля возера.
Мая бабуля па-бацьку не трымала карову праз інсульт, перанесены ў 1986 годзе. Але праз плот была гаспадарка сястры майго дзеда (яго я ніколі не бачыў, бо памёр ён за 2 гады да майго нараджэньня) – бабы Волі.
Баба Воля трымала карову.
То быў мо год 1990. Мне было 6 гадоў. Памятаю, як мы з сястрой сядзім увечары на сене ў хляве бабы Волі. Тая сваімі рабымі рукамі спрытна доіць карову. Цёплае свежае малако моцнымі струйкамі бяжыць ў металічнае 10-літровае вядро, уздымаючы белую пену.
Побач з намі, бліжэй да вядра, сядзяць два каты бабы Волі. Яны, як і мы, чакаюць прысмаку.
Я ўжо дакладна не памятаю смак таго малака. Але сам працэс запомніў добра. Гэтыя дзіцячыя ўспаміны былі такімі ж цёплымі як тое свежае парнае малако.