Нас зноў карэгаваў К(ажан)
Схаваўшы пікап ад дронаў пад навесам, мы выставілі сапог. Навяліся на арыентыровачныя каардынаты зоны па якой планавалася працаваць і сталі чакаць загада па рацыі.
Ля пажаркі ішоў бой. Ен то затухаў, то разгараўся з новай сілай.
Рускія спрабавалі ўзяць пажарку, але нашы хлопцы разам з украінцамі трымалі свае пазіцыі. Часам адлегласьць між бакамі падчас стралковага боя вымяралася парай дзясяткаў метраў.
К(ажан) і В(ол) (загіне ў Бахмуце 16 траўня 2023-га) з дапамогай дрона карэгавалі агонь АГС па расейцам.
Праз нейкі момант і мы, нарэшце атрымалі загад адпрацаваць па каардынатам.
Чаму нарэшце? Бо чаканне на вайне – самая нудотная рэч
К(ажан) даў нам каардынаты цэлі. То было месца згуртавання расейскай штурмавой пяхоты.
Я вылічыў настройкі прыцэла. Воскар прадубляваў разлік на сваім планшэце для падстрахоўкі.
– Огонь! – скомандовал Д(жон).
– Выстрел! – крыкнуў Ваяр і націснуў на спуск.
Снарад праляцеў пару кілометраў у паветры, апісаўшы дугу. І разарваўся недзе ў раене пажаркі.
– Перелет 500 метров! – перадаў па рацыі вынік нашай працы К(ажан).
– Не можа быць! Максімум 200 метраў я дапускаю пералет, але ніяк не 500, – падзяліўся я з хлопцамі, не пагаджаючыся пачутым па рацыі. – Я на сябе такую адказнасьць не вазьму. Лічу гэту карэктыроўку памылкай і карэгаваць прыцэл па ей не буду.
О(ман) здымаў нашу працу на камеру. Справа была сур’езная, бо адлегласьць між нашымі хлопцамі і рускімі была невялікая. Памылка ў карэктыроўцы магла каштаваць жыцця нашым хлопцам.
Ваяр глядзеў на Д(жона), чакаючы што скажа ен, як камандзір разліку.
– Адымай 500 метраў, – сказаў Д(жон) Ваяру.
Карэктыроўка пералету/ недалету была нескладанай справай, таму асабістых ведаў і матэматычных разлікаў не патрабавала. Таму нават без маей дапамогі гэта можна было зрабіць вельмі проста адным з двух спосабаў – адкруціўшы барабан прыцэлу на 500 метраў назад, альбо барабан узроўню на 50 рысак.
Ваяр адкарэгаваў дыстанцыю, падвеў узроўні.
– Выстрел! – прагучала папярэджанне Ваяра і снарад з гучным гукам выляцеў ці то ў рускіх, ці то ў нашых…