Апошні прылёт расейскай С-300 адбыўся 27 красавіка 2023 а 18 гадзіне.Я ў той момант знаходзіўся ў 25…

Апошні прылёт расейскай С-300 адбыўся 27 красавіка 2023 а 18 гадзіне.

Я ў той момант знаходзіўся ў 250 кілометрах ад месца здарэння: рыхтаваўся да выязду з прыфрантавой базы батальёна Волат пад Запарожжам ў Краматорск. Север дамовілася наконт УЗІ маіх нырак у мясцовай вайсковай лякарні.

У канцы красавіка пашкоджаны будынак базы ў Канстанцінаўцы яшчэ выкарыстоўваўся як аператыўны пункт кіравання замежным легіёнам на бахмутскім накірунку.

На той момант паралельна шукалася месца для ўлаштавання новага пункта кіравання, але гэта было не так проста, улічваючы колькасьць людзей, завязаных на ім.

Чаму яшчэ пошукі ішлі так марудна? Чакалася, што вось-вось будзе вывад замежнага легіёна з Бахмутскага накірунку і ніхто не хацеў вытрачаць лішні час і энэргію на пошук і ўлаштаванне новага пункта кіравання.

Вечарам 27 красавіка ў склепе пад будынкам праходзіла нарада замежнага легіёна з удзелам, у тым ліку: украінскага афіцэра Горкага, які страціў нагу пад Лазавым і зноў вярнуўся ў строй, Север, Міколы, Ваніша і іншых.

Ракета тогда почти перелетела здание и вильнула в последний момент“, – перадала мне Север словы В(арэніка), які бачыў палёт С-300 і атрымаў цяжкую кантузію з пашкоджаннем вестыбюлярнага апарата.

Ракета трапіла ў будынак па сканчэнні нарады. Трапіла ў правы, непашкоджаны тарэц.

Другі паверх склаўся. Першы месцамі прасеў. Склеп захаваўся цэлым.

Частка людзей была ў склепе, частка на вуліцы.

Апоўначы я даведаўся пра здарэнне. Справа ў тым, што я ехаў недзе паміж Запарожжам і Краматорскам з Ц(энтрам) і яшчэ адным медыкам Север, якія гналі ў Канстанцінаўку рэанемабіль, калі да іх дайшла інфармацыя.

Север, як самаадчуванне?” – адразу напісаў я Север.

Меня тошнит, рубит, такое чувство, что тянет в сторону лицо. Но я хочу назад“, – адказала Север.

Блін, кантузія“, – напісаў я.

Не. Меня куском кирпича пизд@нуло по голове. Ссадина за ухом“, – удакладніла Север, якая на момант прылёту знаходзілася на вуліцы за бетонным плотам ад будынка.

М(орж) атрымаў ранкі на галаве, але там было па датычнай і ён нармальна сябе адчуваў.

Горкаму засыпала вочы. Ён атрымаў кантузію і лёгкае пашкоджанне рагавіцы вачэй.

Міколе маленькі аскепак трапіў у мяккія тканіны спіны, кантузія.

Ваніш атрымаў цяжкую кантузію з разрывам барабаннай перапонкі.

Адзін з камандзіраў замежнага легіёну М(ексіка) атрымаў сур’ёзную чэрапна-мазгавую траўму пасля таго, як на яго абрынуўся лесвічны марш.

Усяго было паранена больш за 20 байцоў замежнага легіёна. Адзін цяжка паранены сканаў у лякарні.

Склеп зруйнаванага будынка яшчэ тыдзень пасля прылёту С-300 выкарыстоўваўся ў якасьці пункта кіравання замежным легіёнам.