СПГ-9. Як Мыш карэгаваў наш сапог (аповед 4)”Наш двор” (частка 1.2)Уздоўж глухога металапрофільнага …

СПГ-9. Як Мыш карэгаваў наш сапог (аповед 4)
“Наш двор” (частка 1.2)

Уздоўж глухога металапрофільнага плоту там-сям пакарожанага ўзрыйной хваляй і прашытага аскепкамі, а часам нават з нейкай халеры аўтаматнымі чэргамі, мы, пераступаючы праз абарваны электрычны дрот і прадраўшыся праз галлё самотнага калючага дрэўца, ўбачылі Мыша.

Ен выйшаў нам на сустрач са двара, у якім яны былі з Б(урым).

У гэты момант недзе ў кілометры ад нас пачуўся раскацісты гук разарваўшагася снарада.

Мыш павеў нас у “свой” двор. Я ішоў за ім метрах ў дзесяці. За мной, таксама вытрымліваючы дыстанцыю, ішоў Р(ыгор).

З правага ад нас боку вулачкі пачынаўся гаражны кааператыў. Яго адгарожваў ад нас высокі бетонны плот. А надпіс на ўездзе казаў па-расейску:

“Гаражный кооператив “Восточный”. Ул. Гаршина,1. Посторонним въезд и вход запрещен!”

За гаражным кааператывам пачыналася небачнае нам адсюль поле і дом з рускімі за ім.

Металапрофільны плот злева скончыўся. Я ўбачыў напаўрасчыненую сінюю браму ў белай акантоўцы. За ей гараж з брамай такога ж колеру. У месцах траплення аскепкаў сіняя фарба на браме адлупілася і замест яе праглядаў паржавелы метал. Адразу за гаражом пачынаўся наш двор.

Брама ў яго таксама была вытрымана ў колерах брамы суседзяў – сіняя з белай акантоўкай. Мабыць гаспадары былі сваякамі альбо ў добрых адносінах, бо нават брамы іхнія былі ў аднолькавых колерах.

– Заходзім (у двор)? – запытаў я ў Мыша, які стаяў у калітцы шырока расправіўшы плечы і чакаў нас.

Я ўвайшоў у двор. Азірнуўся на ўваходзе – Р(ыгор) подбегам імчаў да нас. Калі б не каска і дай яму длінныя валасы (якіх не было), то яны, пэўна, луналі б на хуткасьці ў процілеглы ягонаму бегу бок.