СПГ-9. Двухгадзінныя курсы ад ўкраінскіх “сапожнікаў” (аповед 1)Мыш вязе нас на вучобу5 студзеня 202…

СПГ-9. Двухгадзінныя курсы ад ўкраінскіх “сапожнікаў” (аповед 1)
Мыш вязе нас на вучобу

5 студзеня 2023-га, Бахмут.

Д(жон), Ваяр і Б(уча) другі дзень прыкрывалі снайпераў на 9-ціпавярхоўцы ў Бахмуце.

Мыш жа дамовіўся з украінскім разлікам сапага, які працаваў у Бахмуце, на наша з Воскарам практычнае навучанне стральбе. Нават больш кансультацыя і пераверка атрыманых ад Г(ідры) ведаў. Бо, шчыра кажучы, хоць мы пазаўчора і трапілі прама ў акопы рускіх па карэктыроўцы В(ала), але першыя нашы стрэлы былі даволі недакладныя. Я ўжо маўчу пра няўдалы абстрэл дома з рускімі, калі наш сапог карэгаваў Мыш.

Мы выехалі з Часовага Яра ў Бахмут. Р(ыгор) быў за рулем. Мыш паехаў з намі. Экіпірованы мы былі як звычайна на баявыя – у поўнай выкладцы. З сабой узялі наш сапог, прыцэл да яго і два яшчыкі аскепкавых снарадаў ОГ-9 (12 штук).

Да Бахмута на вялікаў хуткасьці (каб не трапіць пад прыцэльны абстрэл) даехалі хвілін за 8. Мне заўседы падабаўся краявід горада з вяршыні халма перад самым заездам у горад – вельмі маляўніча выглядаў тады Бахмут з гэтага ракурса.

Праехаўшы праз палову горада, мы звярнулі ў расчыненую браму нейкай прамысловай тэрыторыі з вялікім ангарам. Брама ў ангар была таксама расчынена – унутры было каля 8 украінцаў і шмат яшчыкаў са снарадамі міннага тыпу да сапага. Гэтыя міны былі недакладнымі і заўседы пераляталі метраў на 300 (што трэба было ведаць і ўлічваць пры стральбе).

Сам сапог стаяў пад адкрытым небам, “схаваны” за паўпрыцэпам так, каб снарад пералятаў праз яго. Але пры гэтым замінаў рускім дронам адразу заўважыць сам сапог.

Ад ангара да сапага было метраў 40. Калі была праца – то ўкраінскі разлік сапага працаваў. Калі працы не было – яны хаваліся ад дронаў і магчымага артабстрэлу ў ангары. Той ангар выконваў больш маскіровачную функцыю. Бо трапленне ў яго снарада ніяк не выратавала бы вайскоўцаў, якія знаходзіліся ўнутры.