
21 лістапада адзначаецца свята Увядзення Найсвяцейшай Багародзіцы ў Іерусалімскі храм. А заўтра, у нядзелю, будзем разам святкаваць гэтую важную падзею падчас Боскай Літургіі.
У гэты дзень у храм, пабудаваны рукамі чалавека, уваходзіць Тая, Якая Сама стане Храмам для Хрыста-Бога. Сцены, каменныя прыступкі і заслона Святая Святых толькі рыхтавалі месца для Бога. А ў Ёй Бог знойдзе жывы дом, у Ёй Слова стане Плоццю.
Гэтае свята нагадвае і пра нас саміх, пра нашае пакліканне — стаць храмамі Божымі, храмамі Духа Святога. Кожная Літургія, кожная малітва і кожнае прыняцце Пачэсных Цела і Крыві Хрыста — гэта крок на тым шляху, па якім першай прайшла Багародзіца.
Прымаючы Хрыста ў Святой Еўхарыстыі, мы таксама можам перажыць гэтую вялікую таямніцу — калі нашая чалавечая прырода прымае Бога, а нашыя сэрцы становяцца Ягоным домам.
Прыходзьце самі, прыводзьце сваіх дзяцей, родных і блізкіх. Увойдзем разам у дом Божы, каб Госпад увайшоў у нашыя сэрцы!
Чакаем вас з любоўю, дарагія браты і сёстры!