Восень – пара, калі прырода засынае, а мы ўспамінаем тых, хто заснуў сном смерці і адышоў у вечнасць. Для гэтага ўспаміну у нас – беларусаў, ёсць адмысловы дзень Дзяды. У афіцыйным царкоўным календары гэты памінальны дзень называецца інакш – Дзімітраўская бацькоўская субота. Дык кім быў той Дзімітрый і як ён звязаны з нашымі спачылымі дзядамі?
У большасці беларускіх цэркваў чалавек у гэты дзень пачуе наступнае тлумачэнне. Маўляў быў маскоўскі князь Дзімітрый Данскі, атрымаў ён вялікую перамогу на Куліковым полі, але загінула там шмат рускіх воінаў і ён ўсталяваў на іх памяць памінанне спачылых і загінулых, асабліва воінаў, асабліва рускіх воінаў.
Гэта вельмі яскравы прыклад таго, як русскія нацыянальныя наратывы распаўсюджваюцца праз царкоўныя традыцыі, і як, яны па сутнасці, падмяняюць спрадвечныя традыцыі сваімі імперска-мілітарысцкімі матывамі.
Дык вось вяртаючыся да традыцыі Дзімітраўскай памінальнай суботы адзначым факт – да 19 стагоддзя ніхто і нідзе, адзначаючы асенняе памінанне спачылых, не ўзгадваў ні пра князя Дзімітрыя Данскога, ні пра Кулікоўскую бітву, ні пра памінанне воінаў. Хаця сама памінальная субота спараўды называлася Дзімітраўскай. А справа, ўласна, у тым, што звязвалася гэтае памінанне тне з маскоўскім князем, а з мучанікам першахрысціянскай эпохі – Дзімітрыем Салунскім.
Але у 19-м стагоддзі ці то якому рускаму іерарху, ці генералу, ці чыноўніку прыйшло ў галаву памяняць кантэкст памінання памерлых і падмяніць вялікамучаніка першахрысціянскай эпохі Дзімітрыя – фігурай маскоўскага князя Дзімітрыя Данскога, а самое памінанне звязаць з рускім нацыянальным эпасам пра Кулікоўскую бітву.
З дапамогай дзяржаўнай машыны і падпарадкаванай ёй царквы гэтая падмена паступова распаўсюдзілася і замацавалася. Урэшце, у 1903 годзе імператарскі ўказ загадаў абавязкова служыць у гэты дзень паніхіды па воінах у вайсковых частках. Так звычайнае памінанне ўсіх памерлых набыло сэнс, звязаны з расійскай ваеннай гісторыяй. Характэрна, што яшчэ ў пачатку XX стагоддзя гісторык Царквы Галубінскі на падставе сярэднявечных помнікаў гаварыў пра гэтую падмену.
Сама традыцыя хрысціянскага асенняга памінання спачылых значна старэйшая і за Маскву і за ўсіх яе князёў. Можна меркаваць, што распаўсюдзілася яна з паўночнай Грэцыі – грэка-славянскай кантактнай зонай і паступова пашырылася на многія славянскія краіны. Гэтая самая асенняя памінальная субота ёсць у сербаў, у балгараў, македонцаў, а таксама ў нашчадкаў Вялікага Княства Літоўскага. У сербаў гэта Мітраўскія задушніцы, у балгараў – Арханёлава задушніца.
Калі ж казаць пра Беларусь, то гэты асенні дзень ушанавання продкаў мае відавочныя дахрысціянскія карані і захаваў сваю дахрысціянскую назву – ДЗЯДЫ. Аднак з прыходам хрысціянства гэтае народнае шанаванне спачылых было ўключана у, так бы мовіць, хрысціянізатарскую праграму, як і некаторыя іншыя дні і святы: памяць Яна Хрысціцеля (Купалле), памяць прарока Іллі, Раство і інш. Хрысціянская царква прапанавала замест язычніцкіх памінанняў – памінанне хрысціянскае і ў календары яно звязвалася ці з днём памяці вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, ці з шанаваннем Арханёла Міхала і ўсіх бясплотных сілаў нябесных, у залежнасці ад рэгіёна.
І толькі на прыканцы 19 стагоддзя, пачатку 20-га у беларускіх цэрквах пачынае распаўсюджвацца наратыў пра рускае войска, князя Дзімітрыя Данскога і Кулікоўскую бітву – для беларусаў абсалютна чужая гісторыя, якая ні са спачылымі дзядамі, ні з уласна беларускай гісторыяй нічога супольнага не мела і не мае.
святар Георгій Рой