Дарагія браты і сёстры!Заўтра, у чацвер,
24 верасня, наша Віленская беларуская парафія Канстанцінопальскага Партрыярахата адзначае
памяць прападобнага Лявонція Карповіча, архімандрыта Віленскага, у гонар якога названая наша капліца.
У 18:30 адбудзецца ўрачыстая Літургія. Пасля — сяброўская сустрэча і пачастунак.
Кожная літургічная памяць святога — духоўная сустрэча з ім. Святы Лявонцій — малітоўнік за нашу грамаду перад Госпадам. Запрашаем разам адзначыць яго свята!
Архімандрыт Віленскі Лявонцій Карповіч спачыў 24 верасня 1620 года ў Вільні. Яго пахавалі ў Свята-Духавым манастыры. У лістападзе ў Вільню вярнуўся ягоны вучань Мялецій Сматрыцкі, які адслужыў пахаванне настаўніка.
Лявонцій, у свецкім жыцці Лонгін, нарадзіўся каля 1580 года на Піншчыне.
Падлеткам прыехаў у Вільню, вучыўся ў школе пры Віленскім праваслаўным брацтве і далучыўся да ягонай грамады.
Пасля Берасцейскай уніі 1596 года праваслаўныя ў Вялікім Княстве Літоўскім змагаліся за права захоўваць сваю веру, храмы і школы. Лявонцій стаў адным з абаронцаў праваслаўнай царквы ў Вільні. Ён друкаваў кнігі, прапаведаваў і ўдзельнічаў у палеміцы з прыхільнікамі уніі.
Каля 1600 года Лявонцій узначаліў Віленскую брацкую друкарню, дзе працаваў карэктарам, рэдактарам і перакладчыкам. У 1610 годзе яго арыштавалі пасля выдання «Фрынаса» Мялеція Сматрыцкага — кнігі ў абарону праваслаўных. Лявонцій правёў у вязніцы каля двух гадоў, перажыў допыты і катаванні, але ад веры не адрокся.
Пасля вызвалення ён працягнуў працаваць у друкарні, якую князь Багдан Агінскі заснаваў у сваім маёнтку Еўе пад Вільняй. Там і ў Вільні выходзілі богаслужбовыя кнігі і падручнікі, сярод іх «Часаслоў» (1612), «Анфалагіён» (1613), «Евангелле настаўніцкае» (1616), малітоўнік і служэбнік (1617), трэбнік і чытанка славянскай мовы (1618).
Лявонцій быў таксама прапаведнікам і пісьменнікам. У 1615 годзе ў Еўі выйшла ягонае
«Казанье двое» — казанні на Праабражэнне Гасподняе і Успенне Багародзіцы. Па спасылцы даступны фрагмент аднаго з іх.
У 1619 годзе было надрукавана ягонае казанне на пахаванні князя Васіля Галіцына. Вось
бібліятэчны запіс гэтага старога выдання.
У 1620 годзе ў Вільні выйшаў
«Вертоград душевный», зборнік малітваў манаха Фікарэя Святогорца. Лявонцій пераклаў яго з грэчаскай і напісаў дзве прадмовы.
Друкарня пад кіраўніцтвам Лявонція выдала і «Граматыку славенскую» Мялеція Сматрыцкага. Гэта праца Сматрыцкага; яе копія захоўваецца ў бібліятэцы Урублеўскіх у Вільні.
Лявонцій выкладаў у брацкай школе, а пазней стаў яе рэктарам.
У 2023 годзе ў Вільні ў гонар святога наша грамада назвала царкву. Для нашай грамады ён — нябесны апякун і прыклад вернасці праваслаўнай веры.
Святы ойча Лявонцію, малі Бога за нас!