27 верасня ў нашай віленскай капліцы адбудзецца сустрэча-гутарка «Уводзіны ў гісторыю Віленскай бел…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

27 верасня ў нашай віленскай капліцы адбудзецца сустрэча-гутарка «Уводзіны ў гісторыю Віленскай беларускай гімназіі (1918–1944)». Заснаванне, дзейнасць, канфлікты

Віленская беларуская гімназія — адна з найважнейшых беларускіх адукацыйных і культурных устаноў Вільні ХХ стагоддзя. Падчас сустрэчы пагаворым пра тое, як паўстала гэтая легендарная школа, з якімі выклікамі яна сутыкалася цягам свайго існавання і якім было стаўленне да яе з боку польскіх, літоўскіх і нямецкіх уладаў.

Асобна пагаворым пра людзей Віленскай беларускай гімназіі — яе выкладчыкаў, вучняў і выпускнікоў. У тым ліку пра настаўнікаў — праваслаўных святароў, якія былі звязаныя з гімназіяй.

Закранем і тэму памяці: дзе сёння знаходзяцца пахаванні дзеячаў і дзяячак, вучняў і выпускнікоў ВБГ, хто з іх пахаваны ў Вільні, у іншых месцах Літвы і ў Беларусі і што гэтыя магілы могуць распавесці пра гісторыю гімназіі і беларускую гісторыю Вільні.

Пра гісторыю ВБГ распавядзе Ціхан Чарнякевіч — літаратуразнаўца, гісторык літаратуры, крытык, перакладчык, архівіст, эсэіст, даследчык беларускай культуры і краязнаўца.

Апошнім часам ён даследуе гісторыю Віленскай беларускай гімназіі, працуе над біяграфічным даведнікам яе выпускнікоў і вывучае звязаныя з ёй архіўныя матэрыялы.

27 верасня (нядзеля), 11:30

Bokšto g. 4 (Капліца св. Лявонція Карповіча, Беларускі праваслаўны прыход Канстанцінопальскага патрыярхату)

Уваход вольны.