
Першы кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі перажыў смяротны прысуд, нацысцкі пераслед і дзесяць гадоў савецкіх лагераў, але да канца жыцця заставаўся верным свайму святарскаму пакліканню.
Казімір Свёнтак нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў Валзе на мяжы Латвіі і Эстоніі. Ягоная маці Вераніка Крамплеўская паходзіла з Віленшчыны, а бацька Ян Свёнтак загінуў у баях за Вільню і быў пахаваны на могілках Росы. Пасля вяртання сям’і з Сібіры маці разам з сынамі пасялілася ў Баранавічах, дзе Казімір скончыў гімназію імя Тадэвуша Рэйтана.
Спачатку ён не думаў пра святарства, марыў вывучаць філалогію ў Віленскім універсітэце, захапляўся літаратурай і шмат чытаў. Лёс змяніла паездка на рэкалекцыі ў Пінск. У крыпце Пінскай катэдры каля магілы беларускага біскупа Зыгмунта Лазінскага Казімір папрасіў, каб на працягу ўсяго жыцця заставацца верным слугой Хрыста.
Падчас служэння ў Пружанах ксёндз Казімір адкрыта асуджаў пераслед веры. 21 красавіка 1941 года яго арыштаваў НКУС. Святара даставілі ў брэсцкую турму, абвінавацілі ў антысавецкай прапагандзе і «шпіянажы» і прысудзілі да смерці.
Аднак і падчас нацысцкай акупацыі святар заставаўся пад пагрозай. У 1944 годзе гестапа збіралася вывезці яго ў лес і расстраляць. Ён зноў пазбег смерці, але напрыканцы таго ж года быў арыштаваны савецкімі органамі і асуджаны на дзесяць гадоў лагераў.
У 1954 годзе Казімір Свёнтак вярнуўся ў Пінск. Савецкія ўлады не хацелі дапускаць яго да служэння ў катэдры, выклікалі на допыты і пагражалі новым зняволеннем.
З прамовы кардынала Казіміра Свёнтка ў 2005 годзе:
«У гісторыі чалавецтва было шмат каралёў, розных каралёў, магутных, моцных, валадароў гэтага сьвету. Куды ж яны падзеліся? І сьледу пасьля многіх зь іх не засталося. Тое самае чакае і цяперашніх валадароў: яны адыдуць у нябыт з гісторыі чалавецтва. Адзін толькі Валадар — Хрыстус — валадарыць ужо дзьве тысячы гадоў і будзе валадарыць да сканчэньня сьвету».