З параненага Кіеву. Дарожныя нататкі ігумена афонскага манастыра Эсфігмен архімандрыта ВарфаламеяПад…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

З параненага Кіеву. Дарожныя нататкі ігумена афонскага манастыра Эсфігмен архімандрыта Варфаламея

Падчас нашага знаходжання ў Кіеве, у той час, калі ўся Украіна жыве ва ўмовах вайны, мы мелі магчымасць прайсціся па некаторых з пацярпелых раёнаў і на ўласныя вочы ўбачыць трагічныя наступствы вайны і расійскіх удараў.

Гаворка ідзе не пра ваенныя аб’екты, а выключна пра жылыя кварталы, пра раёны, дзе яшчэ ўчора людзі працавалі, марылі і мірна жылі разам са сваімі сем’ямі.

Выгляд разбомбленых дамоў выклікае глыбокія агіду і жах. У гэтых руінах не засталося ніводнага следу чалавечнасці. Кожны чалавек, які захаваў хоць бы найменшае пачуццё сумлення, уздрыгвае перад гэтым жудасным відовішчам.

Разбураныя шматкватэрныя дамы, спаленыя жыллі і знішчаная маёмасць, нажытая за ўсё жыццё, сведчаць пра сляпое і бязлітаснае насілле.

За кожнай разбуранай сцяной хаваецца асабістая трагедыя: жыцці, знішчаныя ў адно імгненне; праца і намаганні многіх дзесяцігоддзяў, ператвораныя ў попел; і, што найбольш балюча, невінаватыя людзі, сярод якіх жанчыны і дзеці, што несправядліва губляюць сваё жыццё.

Вораг, наносячы ўдары па мірным насельніцтве і грамадзянскай інфраструктуры, дэманструе беспрэцэдэнтную бесчалавечнасць, пазбаўленую любых маральных межаў і павагі да святасці чалавечага жыцця. Гэтае разбурэнне з’яўляецца не толькі матэрыяльнай стратай. Гэта глыбокая рана ў самым сэрцы чалавецтва.

Сёння, у 2026 годзе, маючы хоць бы элементарныя веды па гісторыі, мы добра разумеем, да якіх наступстваў прыводзіць вайна як для людзей, так і для гарадоў, якія яна разбурае. Калі гэтае веданне сапраўды прысутнічае, яно павінна служыць стрымліваючым фактарам ад вайны.

Аднак самае сумнае ў тым, што і сёння знаходзяцца людзі з хворай свядомасцю, якія спрабуюць апраўдаць гэтыя злачынствы. Яны штодня ствараюць пагрозы ракетных удараў, прымушаюць людзей чуюць сірэны і вымушаюць іх бегчы ў сховішчы… і ўпарта застаюцца ў стане духоўнай слепаты і абсалютнага гвалту над чалавечым розумам і маральным законам.

Груба скажаючы хрысціянскае вучэнне, яны без усякага сораму сцвярджаюць, што гэтыя смяротныя ўдары і забойствы мірных жыхароў нібыта адбываюцца «за нашыя грахі» або з’яўляюцца «Божай карай».

Супраць гэтых змрочных і ератычных тэорый мы павінны ўзносіць голас праўды ўсімі магчымымі сродкамі і з усёй настойлівасцю: наш Бог ёсць Міласэрны і Чалавекалюбны. Ён не помслівы суддзя і не карнік, які выкарыстоўвае бомбы і зброю, каб караць за грэх, адначасова знішчаючы Сваіх дзяцей.

Гэтыя ўдары не з’яўляюцца Божай воляй. Яны ёсць вынікам чалавечай злосці, эгаізму і страты любові.

З параненага, але нязломнага Кіева мы молімся, каб Бог Любові суцешыў тых, хто пацярпеў, і асвяціў сэрцы людзей, каб змоўкла зброя і запанавалі справядлівасць і мір.

Архімандрыт Варфаламей
Ігумен манастыра Эсфігмену