Парафіяне ў Вільні добраўпарадкавалі магілу Яна Цеханоўскага на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

У мінулую суботу браты і сёстры нашай парафіі правялі працы па добраўпарадкаванні магілы Яна Цеханоўскага — дырэктара Навагрудскай беларускай гімназіі, які пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні

Для нашай парафіі гэтае пахаванне стала асаблівым клопатам. Надмагільны крыж быў моцна пакрыты іржой, а шыльдачка з імем замацаваная звычайным дротам.

Дзякуючы нашым парафіянам удалося добраўпарадкаваць тэрыторыю пахавання, выраўняць крыжы Яна Цеханоўскага і ягонай сваячкі Антаніны, пасадзіць кветкі і надзейна замацаваць шыльдачкі на новых круглых металічных мацаваннях. Каб выраўняць крыжы, давялося падкопваць іх асновы і змагацца з каранямі дрэў, якія за доўгія гады моцна разрасліся вакол пахавання.

Ян Цеханоўскі нарадзіўся 30 сакавіка 1888 года ў вёсцы Якімаўка (цяпер Рэчыцкі раён Гомельшчыны). Скончыў Мінскую настаўніцкую семінарыю, пасля два гады вучыўся ў Політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. У 1909 годзе ў Мінску ажаніўся з Ксеніяй Баландовіч.

У 1914 годзе завяршыў адукацыю і працаваў выкладчыкам спецыяльных прадметаў. З 1 жніўня 1918 да 1921 года быў дырэктарам рэальнай школы ў Ракаве.


У 1921 годзе за беларускую нацыянальную дзейнасць быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення пераехаў у Наваградак, дзе з 1 верасня 1921 года стаў дырэктарам Навагрудскай беларускай гімназіі.

Менавіта пад яго кіраўніцтвам гімназія стала адным з найважнейшых асяродкаў беларускай адукацыі ў Заходняй Беларусі. Праз пераслед польскіх уладаў Ян Цеханоўскі быў вымушаны эміграваць у Францыю, аднак у 1927 годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну і працягнуў працу дзеля беларускай школы.

Пасля чатырнаццаці гадоў напружанай працы ў створанай ім навучальнай установе польскія ўлады перавялі яго ў Ашмяны. Неўзабаве на Цеханоўскага напала банда хуліганаў, якая жорстка яго збіла і знявечыла.


У кастрычніку 1938 года Ян Цеханоўскі памёр ад інфаркту. Быў пахаваны ў Вільні, побач паўстала і пахаванне жонкі Ксеніі Баландовіч — былой настаўніцай Навагрудскай беларускай гімназіі. На Ліпкаўскіх могілках таксама пахаваныя сябра Яна Цеханоўскага, настаўнік матэматыкі Навагрудскай беларускай гімназіі Аляксандр Данілевіч, а таксама яе выпускнік — літаратар Аляксей Анішчык, вядомы пад літаратурным псеўданімам Андрэй Чэмер.

Мы вельмі радыя, што разам з парафіянамі адшукалі і даглядаем магілу Яна Цеханоўскага. Мы шчыра ўдзячныя яму за прынцыповую нацыянальную пазіцыю ва ўмовах ціску і пераследу. Асабліва сімвалічна, што сёння Траецкая бацькоўская субота і мы нагадваем пра гэтага выбітнага беларуса.


Пахаванне яшчэ патрабуе далейшага добраўпарадкавання, але важны пачатак ужо зроблены.

Таксама вы можаце падтрымаць наш валанцёрскі клопат пра магілы выбітных беларускіх дзеячоў, пахаваных на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Пералічыць ахвяраванне на банкаўскі рахунак:
IBAN:
LT667300010191071990
Атрымальнік:
APREIŠKIMO ŠVČ. DIEVO GIMDYTOJAI KRIKŠČIONIŲ ORTODOKSŲ PARAPIJA
„Swedbank”, AB
SWIFT: HABALT22
Пазначэнне плацяжу:
Auka


А таксама праз іншыя платформы:


Patreon (для бяспечных данатаў з Беларусі),
PayPal (толькі для ахвяраванняў з-за мяжы).

Будзем вельмі ўдзячныя за дапамогу.
Жыве Беларусь і слава Ісусу Хрысту!