11 траўня 1585 года нарадзілася Соф’я Слуцкая — дачка слуцкага князя Юрыя III і Барбары з роду Кішка…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

11 траўня 1585 года нарадзілася Соф’я Слуцкая — дачка слуцкага князя Юрыя III і Барбары з роду Кішкаў, будучая асветніца і праваслаўная святая.

Яна стала апошняй прадстаўніцай княжацкага роду Алелькавічаў.

У дзяцінстве Соф’я засталася сіратой і атрымала ў спадчыну ўсё Слуцкае княства. Апеку над ёй узялі Хадкевічы, якія выдалі дзяўчыну замуж за князя Януша Радзівіла. Нягледзячы на тое, што муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я засталася вернай праваслаўю.

Княгіня падтрымлівала цэрквы і манастыры, займалася дабрачыннасцю, абараняла праваслаўных вернікаў ад прымусовага навязвання уніі. Паводле падання, дзякуючы яе намаганням кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза спыніў ціск на праваслаўных у Слуцкім княстве.

Соф’я Слуцкая памерла 29 сакавіка 1612 года падчас родаў дачкі Кацярыны, якая неўзабаве таксама памерла.

Княгіню пахавалі ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры. На яе труне быў змешчаны герб Алелькавічаў і надпіс:

«Спачыла дабраверная Соф’я, княгіня слуцкая Алелькаўна Юр’евічаўна, Альгердава племя, і пакладзена была ў Слуцку, у манастыры Святой Жываначальнай Тройцы».


Паводле царкоўнага падання, неўзабаве пасля смерці княгіні сярод жыхароў Слуцка пачалі распаўсюджвацца звесткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Так пачалося мясцовае шанаванне Соф’і як святой.

Афіцыйна кананізавалі Соф’ю Слуцкую ў 1984 годзе. Сёння яе мошчы захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень памяці святой адзначаецца 1 красавіка.