Навіны хрысціянскага свету за мінулы тыдзень КанстанцінопальУсяленскі патрыярх Варфаламей і архіепі…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

Навіны хрысціянскага свету за мінулы тыдзень

Канстанцінопаль

Усяленскі патрыярх Варфаламей і архіепіскап Албанскі Ян узначаляць супольную літургію ў Кападакіі 17 мая ў межах паломніцтва, арганізаванага Канстанцінопальскім патрыярхатам. Богаслужэнне адбудзецца ў храме святога Феадора ў Малакопі і стане галоўнай падзеяй візіту.

Сакартвэла

11 мая ў Тбілісі пройдуць выбары новага каталікоса-патрыярха ўсёй Грузіі пасля смерці Іліі II. У галасаванні прымуць удзел 39 епіскапаў. Кандыдатамі вызначаныя мітрапаліты Шыа, Грыгорый і Іоў. Для перамогі ў першым туры неабходна не менш за 20 галасоў. Патрыярхія таксама паведаміла пра прызнанне багаслоўскай ступені мітрапаліта Іова. Прамой трансляцыі выбараў не будзе.

Ватыкан

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа сустрэўся ў Ватыкане з папам Львом. Бакі абмеркавалі міжнародную сітуацыю, пытанні міру, рэлігійнай свабоды і гуманітарнага супрацоўніцтва. Сустрэча прайшла ў атмасферы адкрытага дыялогу.

Элада

Патрыярх Варфаламей падчас сустрэчы з прэзідэнтам Грэцыі заявіў, што этнафілетызм і нацыяналізм застаюцца сур’ёзным выклікам для праваслаўя. Ён падкрэсліў усяленскі характар Царквы і неабходнасць адзінства.
Падчас асобнай сустрэчы з архіепіскапам Афінскім Іеранімам прадстаяцелі абмеркавалі міжправаслаўныя адносіны і супрацоўніцтва паміж памеснымі Цэрквамі.

Кіпр

Кіпрская праваслаўная царква перадасць Нацыянальнай гвардыі 15 аўтобусаў для перавозкі вайскоўцаў. Адпаведнае пагадненне падпісалі архіепіскап Георгій і прадстаўнікі Міністэрства абароны.

Румынія

У Бухарэсце прайшло паседжанне камісіі па змяненні статута і рэгламентаў Румынскай праваслаўнай царквы. Патрыярх Данііл падкрэсліў важнасць абнаўлення царкоўнага заканадаўства ў адпаведнасці са Святым Пісаннем і Паданнем.
Таксама патрыярх Данііл прыняў дэлегацыю Канстанцінопальскага патрыярхата на чале з мітрапалітам Эмануілам. Бакі абмеркавалі міжправаслаўныя адносіны.

ЗША

Свяшчэнны сінод Праваслаўнай царквы ў Амерыцы зацвердзіў новыя правілы выкарыстання сацыяльных сетак для духавенства і царкоўных супрацоўнікаў. Дакумент заклікае да адказнай камунікацыі, захавання адзінства і забараняе публікацыю канфідэнцыйнай інфармацыі.

Афон

На Афоне паслушнік аднаго з манастыроў выскачыў з аўтамабіля хуткай дапамогі падчас руху. Ён атрымаў цяжкія траўмы і знаходзіцца ў рэанімацыі ў Салоніках. Прычыны здарэння пакуль невядомыя.