Сёння мы прыбраліся на магіле Усевалада Більдзюкевіча — праваслаўнага дзеяча, які ў свой час працав…

Сёння мы прыбраліся на магіле Усевалада Більдзюкевіча — праваслаўнага дзеяча, які ў свой час працаваў ва Урадзе БНР

Для нашай парафіі ён стаў сапраўдным адкрыццём. Гэта беларускі грамадскі дзеяч і шчыры праваслаўны хрысціянін, які шмат зрабіў для развіцця беларускасці ў царкоўным жыцці міжваеннай Вільні і былой Віленскай праваслаўнай епархіі, што ахоплівала значную частку сённяшніх Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай вобласцяў.

Сітуацыя ў той час была складаная. Пераважная большасць праваслаўных парафій у гэтай епархіі складалася з этнічных беларусаў. Аднак кіраўніцтва, у тым ліку Віленскі архіепіскап Феадосій, упарта не хацела бачыць у царкоўным жыцці нічога беларускага. Святароў, якія пачыналі чытаць казанні па-беларуску, высмейвалі, пераводзілі з парафіі ў парафію і ўсяляк стрымлівалі развіццё беларускай мовы і ідэнтычнасці.

Менавіта Усевалад Більдзюкевіч — рэдактар беларускага праваслаўнага часопіса «Светач Беларусі» — узначаліў барацьбу за права праваслаўных беларусаў маліцца і слухаць казанні на роднай мове, атрымліваць рэлігійнае выхаванне па-беларуску.

Мы вельмі рады, што разам з парафіянамі знайшлі яго магілу. Мы шчыра ўдзячныя яму за прынцыповую хрысціянскую і нацыянальную пазіцыю. Асабліва важна, што ўжо заўтра, у Дзень Волі, да яго магілы прыйдуць суайчыннікі, каб ушанаваць яго ўнёсак у працу ва Урадзе БНР і служэнне Беларусі і беларускай царкве. Дарэчы, у праграме святкавання Дня Волі ў Вільні запланаваны і візіт на Свята-Ефрасіннеўскія могілкі.

Пахаванне яшчэ патрабуе добраўпарадкавання, але пачатак ужо зроблены. Відаць, што нехта бываў тут і раней — кустоўе было падрэзана. Аднак магіла заставалася занядбанай: пад апалым лісцем, засыпаная камянямі і старымі надмагіллямі. Цяпер мы будзем пастаянна клапаціцца пра гэта месца і паступова, сумеснымі намаганнямі парафіян і святароў, прывядзём яго да належнага стану.


Пра жыццёвы шлях Усевалада Більдзюкевіча можна прачытаць у нашай публікацыі, дзе мы распавядаем пра знаходжанне яго магілы.

Таксама вы можаце падтрымаць наш валанцёрскі клопат пра магілы выбітных беларускіх дзеячоў, пахаваных на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Пералічыць ахвяраванні на банкаўскі рахунак
IBAN:
LT667300010191071990

VILNIAUS

Атрымальнік:
APREIŠKIMO ŠVČ. DIEVO GIMDYTOJAI KRIKŠČIONIŲ ORTODOKSŲ PARAPIJA

„Swedbank”, AB SWIFT код HABALT22

Пазначайце ў апісанні: Аuka

А таксама праз іншыя платформы:

Patreon (для бяспечных данатаў з Беларусі),
PayPal (толькі для ахвяраванняў з-за мяжы).

Будзем вельмі ўдзячныя за дапамогу.

Жыве Беларусь і слава Ісусу Хрысту!