Як гэта не дзіўна, да кампаніі дыскрэдытацыі пратэста актыўна далучыліся некаторыя з нацыянальна свядомай часткі грамадства. Арганізатараў выключна мірных акцый пратэста, на якіх людзі патрабуюць свабодных выбараў і дыялога з уладай, насуперак здароваму сэнсу называць “радыкаламі”, якія “граюць на руку Масквы”.
Спустошаныя энэргетычна і сэнсоўна былыя нацыянальныя лідары думак гатовы задаволіцца імітацыяй “беларусізацыі па дробязям”, заплюшчыўшы вочы на рэальна катастрафічны стан дзяржавы. Дайшло да таго, што асобныя “мысляры” сталі лічыць галоўнай надзеяй на захаванне незалежнасці ненавісную для народа персону, якая свядома ператварыла нашу краіну ў філію іншай дзяржавы, якая нясе адказнасць за катастрафічны стан мовы і засілле расійскай ваеннай прапаганды ў медыйнай прасторы Беларусі. Дзіўнае, падобнае на паталогію імкненне заўсёды заставацца ў меньшасці.
Падрыхтоўка і святкаванне 25 сакавіка, калі кіраўнікі дазволеных рэжымам партый за спінамі большасці аргкамітэта дамаўляліся з чыноўнікамі, якія толькі што апусцілі іх на “выбарах”, выразна паказала рэальны стан рэчаў. Для нас цяпер відавочна, што ролю адзінай рэальнай альтэрнатывы правячаму рэжыму для пратэстнай большасці народа можа ўзяць на сябе толькі Беларускі Нацыянальны Кангрэс.
Мы апынуліся пад ударамі з ўсіх бакоў. Але не адступім, бо разумеем − калі мы не станем альтэрнатывай рэжыму ў вачах большасці, то яна знойдзе для сябе альтэрнатыву за межамі Беларусі. Тады наша краіна згубіць нават фармальную незалежнасць.
Мы ніколі не скарымся з ганебнай сітуацыяй, калі беларусы застаюцца АДЗІНАЙ паняволенай нацыяй у Еўропе. Не зважаючы ні на што, мы будзем працягваць змаганне. Бо толькі мы яшчэ маем шанец аб’яднаць абедзьве Беларусі, каб здабыць свабоду і захаваць незалежнасць нашай краіны.
Героі, якія 25 сакавіка вышлі на плошчу Якуба Коласа, не толькі абаранілі гонар нашай нацыі. Яны не толькі паказалі Беларусі і свету хлуслівасць гульняў рэжыма з “беларусізацыяй” і “лібералізацыяй”. Яны яшчэ захавалі, у гадавіну падаўлення мінулагодняга народнага выступу за свае правы, наш шанец на народную павагу і давер. А значыць − наш шанец уратаваць сваю краіну.
Свабоду нельга дачакацца. Свабоду немагчыма выпрасіць. Свабоду можна толькі здабыць.