Дайшоў адзін ліст ад МІКОЛЫ СТАТКЕВІЧА. І выдыхнуць бы, ды ніяк.
Ліст ад 20.11, то бок, напісаны яшчэ ў камеры, да санчасткі.
“Ты пісала, што 5÷7 лістапада цябе вельмі “насіла”. Мабыць, не безпадстаўна, бо 7.11 уся мая пацучыная гаспадарка сыйшла ў поўным складзе і не вяртаецца. А 8.11 вечарам мяне пачало трэсці – чарговы трэці, [насамрэч, верагодна, чацвёрты, М.А.] ў гэтых месцах неназываемы вірус. Было істотна складаней ад папярэдніх. Далі 10 дзён “пасцельнага рэжыма” – г. зн., днём нары не прышпільваюцца да сцяны, матрас не забіраюць. [Дзякаваць Богу, не ШІЗА, М.А.]
Недзе з 11.11 па 15.11 быў “пік”. Увесь час высокая тэмпература, ламата ў целе і амаль увесь час з невялікімі перапынкамі моцная арытмія. Узнікалі праблемы з атрыманнем прапафенону [у Мікалая гарантаваны запас, але ж ён не ў камеры – хачу выдам, хачу не, М.А.]. Зараз арытміі няма дзён пяць. Істотна палепшылася самаадчуванне. Тэмпература стабілізавалася недзе на ўзроўні 38°. Але ж пройдзе. […]
Дарэчы, у любым стане ціск быў 120/70. Сам матор у мяне добры, толькі нехта бруднымі пальцамі ў яго электроніку залез, як сказаў бы аўтамабіліст.”
Яно б, нібыта, добрыя навіны, калі б не ведаць, што, верагодна, на наступны дзень Мікалай патрапіў у санчастку. Нечага чакалі? Ці пагаршэнне? Ні адно, ні другое не радуе. Веру толькі ў яго моц і прагу да жыцця.
Дачакаемся!