ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТАДата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай гісторыі.Ка…

Партыя Народная Грамада

ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА
Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай гісторыі.
Калі разглядаць у храналагічным парадку, то пачынаць варта аж з 8 верасня (па старому стылю) 1380 года, калі ў бітве на Куліковым полі сыйшліся войскі цемніка Арды Мамая і рускіх княстваў на чале з маскоўскім князем Дзмітрыем. На баку Дзмітрыя выступілі і палкі беларускіх княстваў ВКЛ – Полацкага, Бранскага і Смаленскага, на чале з князямі Андрэем і Дзмітрыем Альгердавічамі, хаця нашы землі ніколі не былі пад мангольскім панаванем. А спробы манголаў разам а сваімі маскоўскімі васаламі напасьці на іх заўсёды адбіваліся.
Беларускія палкі адыгралі вялікую ролю ў бітве. Магчыма таму, што ў іх княстваў ужо быў досвед перамог над значнымі мангольскімі сіламі. У 1362 годзе ў бітве на Сініх Водах сумесным беларуска-украінскім войскам на чале з вялікім князем ВКЛ Альгердам былі разбіты войскі трох мангольскіх ханаў, у выніку чаго ўкраінскія землі, як і былі заўжды нашы, сталі вольнымі ад мангольскага панавання. Гэты досвед і ўпэўненасць беларускіх палкоў ды палкаводцаў, якую ён ім даў, дапамаглі аб’яднаным войскам перамагчы значныя сілы Арды на Куліковым полі. Праўда, асобнай была пазіцыя вялікага князя ВКЛ Ягайлы, які вёў свае войскі на дапамогу Мамаю, але ўдзелу ў бітве не браў. Думаю, што Ягайла быў добрым геапалітыкам і не хацеў умацавання суседняй  Масквы, што пагражала ў будучым бясьпецы ВКЛ. Тым не меней, мы можам абгрунтавана лічыць дату 8 верасня 1380 года славутай і для сваёй вайсковай гісторыі.
Пра 8 верасня 1514 года – дату славутай перамогі над утрая большым 80-тысячным маскоўскім войскам пад Воршай цяпер ведае амаль кожны беларус.
Дата 8 верасня яшчэ раз адыграла важную ролю ўжо ў сучаснай вайсковай гісторыі нашай краіны. Гэта было ў 1992 годзе. Тады Беларусь падпарадкавала сабе савецкія вайсковыя часткі, размешчаныя на нашай тэрыторыі. Але да сапраўднага беларускага войска ім было яшчэ вельмі далёка. Афіцэры, ураджэнцы пераважна іншых рэспублік СССР, з асцярогай ставіліся да незалежнасці Беларусі і невядома, ці сталі б яны яе бараніць у выпадку агрэсіі іншай былой савецкай рэспублікі. Бо нават не было прававых падстаў патрабаваць гэтага ад іх – яны не прымалі прысягі на вернасць Беларусі, што б зрабіла для іх абарону яе незалежнасці юрыдычна абгрунтаваным абавязкам. Урад Кебіча, як звычайна, ігнараваў праблему, каб “не злаваць Маскву”. Таму, мной, як старшынём Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), была вылучана прапанова правесці сімвалічную цырымонію прысягі на вернасць Беларусі ў цэнтры Мінска менавіта ў гадавіну перамогі пад Воршай, каб як мага шырэй паведаміць беларусам пра славутую перамогу іх продкаў. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, вядомы гісторык Міхась Ткачоў адразу ж падтрымаў гэтую прапанову. Як і лідар БНФ Зянон Пазняк, які прапанаваў БЗВ дапамогу сваёй партыі ў арганізацыі прысягі. Акцыя адбылася 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці Мінска. Было вельмі добрае яе мастацкае і музычнае  афармленне, за якое ад БНФ адказваў вядомы мастак Мікола Купава.
Акцыя пачалася з гукаў сурмы. Пасля прамоў мной быў зачытаны тэкст прысягі, які паўтаралі кадравыя афіцэры  – сябры БЗВ і тысячы вайскоўцаў запасу, якія сабраліся на плошчы.
Так здарылася, што тэкст прысягі прагучаў тады двойчы. Палкоўнік Уладзімір Барадач, былы камандзір брыгады спецназа, які спазніўся на цырымонію, папрасіў дазволіць яму  таксама зачытаць тэкст прысягі. Я пагадзіўся, бо словы адданасці сваёй  краіне можна паўтараць шмат разоў, і ўсе людзі на плошчы яшчэ раз аднадушна пакляліся бараніць Беларусь. Гэта акцыя не была юрыдычным актам. Але яна мела шырокі розгалас. У выніку, праз некалькі месяцаў урад Кебіча мусіў прывесці да прысягі на вернасць Беларусі ўсіх афіцэраў беларускай арміі. А беларусы, якім ўсё жыццё ўбівалі ў галовы, што іх краіна не мае сваёй гісторыі, нарэшце даведаліся пра адну з самых славутых яе старонак.