З Днём Незалежнасці, Украіна!Сёння мы віншуем украінскі народ з Днём Незалежнасці і ад усяго сэрца …

Партыя Народная Грамада

З Днём Незалежнасці, Украіна!

Сёння мы віншуем украінскі народ з Днём Незалежнасці і ад усяго сэрца жадаем Украіне міру, перамогі і як мага хутчэйшага аднаўлення. Няхай украінскія гарады будуць адбудаваныя, сем’і зноў будуць разам, а кожны ўкраінец атрымае магчымасць жыць у свабоднай і бяспечнай краіне.

Беларусь і Украіна адначасова выйшлі з Савецкага Саюза ў 1991 годзе. Але далей нашыя шляхі пайшлі па-рознаму. Украіна здолела захаваць і развіваць сваю мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць. Там ёсць свабода слова, а грамадзяне маюць права выходзіць на вуліцы і пратэставаць супраць улады.

У Беларусі за тое, што ва Украіне з’яўляецца рэалізацыяй грамадзянскіх правоў, людзей кідаюць за краты на шмат гадоў, збіваюць, пазбаўляюць магчымасці якасна харчавацца і атрымліваць медычную дапамогу.

Мы верым, што гэта не назаўсёды. Беларусь яшчэ верне сабе дэмакратыю, народны суверэнітэт і права людзей самім вырашаць будучыню сваёй краіны. І тады Беларусь і Украіна зноў будуць добрымі суседзямі і сябрамі — свабоднымі, незалежнымі і здольнымі будаваць свае адносіны на ўзаемнай павазе.

Слава Україні! Жыве Беларусь!