1 траўня на гэтым канале я напісаў, што, “у асноўным, завяршыў аднаўленне свайго вялікага па аб’ёму эсэ, прысвечанага выбару чалавекам спосаба сваіх паводзін у складанай сітуацыі і, ўвогуле, ў жыцці. Гэты матэрыял быў прадуманы ў вельмі складаным для мяне 2023 годзе, пераважна, у ШІЗА і пазней запісаны. Падчас спробы незаконнай дэпартацыі з Беларусі мае запісы зніклі ў СІЗА КГБ. Адноўлены тэкст вельмі важны для мяне, бо завяршае мае публікацыі на гэту тэму і адказвае на пытанні, да якіх я звяртаўся ў сваіх ранейшых працах. На жаль, ён занадта вялікі для публікацыі на маім канале. Хацелася б апублікаваць яго на паперы ў адным зборніку разам з іншымі турэмнымі эсэ. Праўда, я яшчэ цяжка разумею, як гэта можна зрабіць у маёй сённяшняй сітуацыі”.
Я вельмі ўдзячны былым сябрам Народнай Грамады, якія адгукнуліся і прапанавалі сваю дапамогу ў складанні зборніка і яго друкаванні. Як мне толькі што паведамілі, зараз ён друкуецца і хутка выйдзе ў свет. А пакуль я вырашыў апублікаваць тут сваё ўводнае слова да яго.
ЎВОДНАЕ СЛОВА АЎТАРА
Калі ў краіне ўсталяваўся рэпрэсіўны рэжым, то ў людзей дэмакратычных перакананняў ёсць пяць год, каб вярнуць краіне свабоду. Потым грамадства стамляецца, губляе веру ў перамены і пачынае прыстасоўвацца да сітуацыі. А рэжым тым часам умацоўвае свае структуры падаўлення і кантролю грамадства. Такім чынам, барацьба пераходзіць у доўгатэрміновую стадыю, дзе ўсё вырашае наяўнасць у рэжыма рэсурсаў на падаўленне і кантроль, а ў грамадства – маральных сіл для супраціўлення.
Беларускі рэжым забяспечыў сябе неабмежаванымі рэсурсамі ад Масквы, якая аплочвае яго існаваннне за абяцанні і дзеянні, якія ў будучыні вядуць да амаль непазбежнага паглынання Беларусі Расіяй. Пагроза існаванню краіны ператварала барацьбу за дэмакратыю ў барацьбу за незалежнасць, што надавала маральных сіл беларускім патрыётам. Для нас было надзвычай важным “трымаць сцяг свабоды” – пастаянна публічнымі акцыямі паказваць людзям, што свабода вартая, каб за яе змагацца, каб не даць ператварыць нацыю ў пакорлівы абыякавы статак, каб агонь свабоды не быў патушаны назаўсёды. Нашых сіл і падтрымкі грамадства хапіла б для перамогі над дыктатурай, але іх не ставала для перамогі над Масквой. Рэжым разумеў небяспеку для сябе з боку патрыятычнага супраціву. Ён пастаянна падвышаў для нас яго цану. Спачатку адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы і канфіскацыі маёмасці, потым “абмежаванні волі”, потым усё большыя і масавыя турэмныя тэрміны ва ўсё больш жорсткіх умовах, ціск на блізкіх, а таксама выкраданні і забойствы. Будучыня свабоды і незалежнасці залежыла ад прыкладу лідэраў, гатовых плаціць за іх такую цану.
Так здарылася, што я правёў ва ўстановах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы каля 14 год. Там быў час для аналізу і самааналізу. Тым болей, што “праца” спецслужбаў па “выпраўленню ворагаў” не спыняецца і ў месцах зняволення. Пастаянна, наўпрост ці праз іншых зняволеных, палітвязню спрабуюць давесці пра бессэнсоўнасць яго змагання, пра дарэмна патрачанае жыццё, пра нікому непатрэбныя пакуты блізкіх, пра шкоднасць яго барацьбы для народа і краіны. Я заўсёды адказваю на пытанні. І калі такія пытанні гучалі, я фармуляваў адказы на іх. Спачатку для сябе, потым для іншых патрыётаў, якія працягваюць змаганне, ці таксама апынуліся ў зняволенні, каб маральна падтрымаць іх. Мне дапамагаў немалы жыццёвы досвед, досвед уласнага супраціва і навыкі навуковых даследванняў. Я кіраваўся парадай Марка Аўрэлія – каб разгадаць таямніцу душ людзей наўкол, дастаткова звароту да ўласнага розума. Я афармляў свае меркаванні ў выглядзе эсэ, якія лістамі (калі іх яшчэ прапускалі) адпраўляў маёй жонцы Марыне, якая публікавала іх у Сеціве. Калі магчымасцяў пісаць ці перадаваць на волю свае тэксты ў мяне не было, я добра прадумваў іх, каб аднавіць ў памяці і запісаць ужо пасля вызвалення. У гэтым зборніку мае эсэ і іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зняволенні, пачынаючы з 2005 года.