Дыяспара павінна абараняць правы, дапамагаць уцекачам і быць голасам народа ў свеце

Партыя Народная Грамада

Дыяспара можа бараніць правы сваіх членаў, аказваць дапамогу новым уцекачам з гістарычнай Радзімы, дапамагаць вязням і дысідэнтам, праводзіць акцыі ў краінах знаходжання, каб прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да праблем сваёй Радзімы. Урэшце, быць голасам свайго паняволенага народу ў свеце. А са з’яўленнем Інтэрнэту – нават весці інфармацыйную барацьбу з рэжымам. Пажадана, каб дыяспара была арганізаваная. Але, каб эмігранты ўдзельнічалі ў яе дзейнасці, а не занурваліся толькі ў сваё асабістае жыццё, іх арганізацыі павінны функцыянаваць празрыста і з улікам меркаванняў суайчыннікаў. Недавер, падазрэнне ў карупцыі кіраўнікоў, дэманстрацыя імі бытавой раскошы з’яўляюцца падарункам для службаў рэжыма, якія карыстаюцца імі для распальвання незадаволенасці і разбурэння адзінства. Якім чынам арганізаваць дзейнасць дыяспары – справа, найперш, тых нашых землякоў, якія не сваёй воляй апынуліся за мяжой. Але, каб не было самападману, дарэмных прэтэнзій і беспадстаўных спадзяванняў, раю выправіць імёны. Каб гэта за вас не рабілі іншыя. Той жа прэзідэнт Украіны, напрыклад.