Дарэчы, пачаў яго “ламаць” я яшчэ з восені 2015 года, праз месяц пасля вызвалення, калі пачаў правод…

Дарэчы, пачаў яго “ламаць” я яшчэ з восені 2015 года, праз месяц пасля вызвалення, калі пачаў праводзіць у цэнтры Мінску несанкцыянаваныя акцыі, бо за чатыры папярэдніх гады майго зняволення там не было ніводнай акцыі “апазіцыі”. Нейкія палітычныя могілкі стварылі… Былі спробы з боку ўладаў перашкодзіць нам праводзіць мітынгі на пікетах, але ўжо ў 2020 годзе ў зняволенні, калі яшчэ былі лісты ад людзей з волі і інфармацыя з Інтэрнэту ды рэгіянальных газет, я заўважыў поўную залежнасць паміж колькасцю людзей на нашых пікетах у канкрэтных гарадах, іх дзёрзкасцю і колькасцю і настойлівасцю ўдзельнікаў акцый пратэсту ў гэтых жа гарадах у 2020 годзе.
Мы адначасова ў БНК выпрабоўвалі некалькі стратэгіій на тых “выбарах” і дапамагалі адзін аднаму іх рэалізоўваць. Напрыклад, “Еўрапейская Беларусь”, якую ўзначальвалі Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка, зарэгістравала сваіх кандыдатаў праз партыю БНФ і скарыстоўвала час, адведзены ім на агітацыю… А адмову ў рэгістрацыі вылучанай зборам подпісаў Ірыны Халіп скарысталі для правядзення акцый пратэсту ў цэнтры Мінска. Потым мы скарысталі напрацаваны досвед у Стратэгіі вяртання сапраўдных выбараў, прынятай БНК напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Мы рыхтаваліся, але той бок таксама шукаў новыя метады барацьбы з пратэстамі. Напярэдадні ключавой акцыі пратэсту супраць “дэкрэту пра дармаедаў” 25 сакавіка 2017 года былі арыштаваныя ўсе яе патэнцыйныя лідары. Напрыклад, Яўгена Афнагеля ўзялі на кальцавой аўтадарозе, я знаходзіўся не дома, каб пазбегнуць прэвентыўнага арышту, але мяне вылічылі і ўзялі за дзень да акцыі. Уладзіміра Някляева, які, калі стала вядома пра арышты, наўпрост скіраваўся з Варшавы ў Мінск, каб узначаліць акцыю, быў у Берасці так жорстка затрыманы АМАПам, што гэта ледзь не каштавала яму жыцця. У выніку, акцыя 25 сакавіка не кіравалася і была рассеяна ўладай. Але людзі масава выйшлі і паказалі, што яны гатовыя да пратэсту.
У 2020 годзе мы зноў прымянілі стратэгію кандыдатаў пратэсту. Але першай акцыяй 2020 года быў несанкцыянаваны мітынг на прыступках Дома Ўрада 14 мая пасля падачы на рэгістрацыю маёй ініцыятыўнай групы і часткі груп кандыдатаў пратэста. Тады я заявіў, што “сёння мы запальваем тут полымя пратэсту” і заклікаў людзей на першы мітынг на пікетах кандыдатаў пратэсту 24 мая ў Мінску, каля Камароўкі. Пасля гэтага мітынгу стала зразумела – Беларусь падымаецца. На 31 мая былі прызначаны мітынгі на пікетах ва ўсіх абласных гарадах. На якія выйшлі дзесяткі тысяч людзей.
.Нашы рэгіянальныя арганізатары мелі гукаўзмацняльную апаратуру, мы даслалі з Мінску на такія мітынгі прамоўцаў у абласныя цэнтры.
На 7 чэрвеня мной загадзя былі ўжо анансаваны, акрамя Мінска і абласных цэнтраў, мітынгі прыблізна ў 10 буйнейшых раённых гарадах (я імкнуўся запусціць пратэст па ўсёй краіне, пакуль на волі).
Калі колькасць ўдзельнікаў мітынгаў пачала імкліва расці, улады зноў прэвентыўна арыштавалі патэнцыйных лідараў пратэсту. Спачатку адміністрацыйна, як Паўла Севярынца, мяне, Валянціна Троцкага, Вераніку Мішчанка, а потым і па крымінальным справам. У тым ліку, і кіраўніка камісіі Рады БНК Яўгена Афнагеля, актыў “Еўрапейскай Беларусі”. Пазней былі асуджаныя па крымінальным справам кіраўнікі камісій Рады БНК Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў, Вацлаў Арэшка, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні, генсек Народнай Грамады Сяргей Спарыш. Усё гэта паказвае, што ўлада выдатна разумела, хто рэальна стаіць за падрыхтоўкай грамадства да пратэстаў. Але намі ўжо была праведзена каласальная аналітычная, арганізацыйная ды агітацыйная праца, якая, дарэчы, пастаянна асвятлялася ў Сеціве. Вельмі важным было трансляваць нашы акцыі на ўсё грамадства, каб скіроўваць яго незадаволенасць у рэчышча гатоўнасці да пратэстаў. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі блогеры і незалежныя журналісты. Самую важную функцыю тут выканаў сайт “Хартыя-97” на чале з Наталляй Радзінай, які вёў па сутнасці сістэмнае інфармацыйнае суправаджэнне нашых мерапрыемстваў. Таксама мы шырока выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі.