Пакуль прапагандысты лукашэнкаўскіх медыяў з задавальненнем распавядаюць пра тое, як нібыта «замярза…

Пакуль прапагандысты лукашэнкаўскіх медыяў з задавальненнем распавядаюць пра тое, як нібыта «замярзаюць» Еўропа і Украіна, сапраўдны холад гэтай зімой накрыў беларускія гарады.

У студзені Беларусь ледзь не кожны дзень трэслі камунальныя аварыі.

15 студзеня ў Жодзіне адбыўся прарыў цеплатрасы з выкідам кіпеню — без ацяплення засталіся жылыя дамы і нават дзіцячы сад.

16 студзеня аварыйнае адключэнне ацяплення адбылося ў 14 дамах Савецкага раёна Гомеля.

Раніцай 19 студзеня тысячы жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага, Цэнтральнага, Савецкага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска засталіся без ацяплення і гарачай вады — з-за пашкоджання цепламагiстралі на фоне моцных маразоў і перападаў тэмператур.

20 студзеня перабоі з ацяпленнем узніклі ў дамах жыхароў Смалявічаў.

А «рэкардсменам» стаў Клецк, які 28 студзеня застаўся адразу без ацяплення, вады, а месцамі і без электрычнасці.

Гэта не надзвычайныя абставіны і не выпадковыя паломкі. Гэта вынік сістэмы, выбудаванай Лукашэнкам. Сістэмы, у якой мільёны вытрачаюцца на сілавы апарат, турмы, чыноўнікаў і прапаганду, а інфраструктура гадамі не рамантуецца. Сістэмы, у якой простыя людзі вымушаныя мерзнуць у сваіх кватэрах, пакуль улады рапартуюць пра «стабільнасць».

Беларусы заслугоўваюць не прапагандысцкіх казак, а нармальных умоў жыцця. І пакуль гэтая сістэма існуе, холад у дамах будзе толькі чарговым напамінам пра яе поўную непрыдатнасць.