З мэтай выключэння маніпуляцый і скажэння фактаў паведамляем пра рашэнне Выканаўчай Рады партыі “Нар…

З мэтай выключэння маніпуляцый і скажэння фактаў паведамляем пра рашэнне Выканаўчай Рады партыі “Народная Грамада” ад 21 кастрычніка 2025 года, якое публікуецца часткова, паколькі мае ўнутрыпартыйны характар.

Рашэнне прынята ў строгай адпаведнасці з Палажэннем аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі”, ухваленым справаздачна-выбарчай канферэнцыяй у снежні 2023 года. Гэта Палажэнне дзейнічае як часовая прававая база для працы партыі ў замежжы, у сітуацыі, калі нармальнае функцыянаванне ў межах Беларусі немагчыма.

У апублікаванай частцы рашэння не ідзе гаворка пра выключэнне Сяргея Спарыша з партыі — гаворка толькі пра часовае адхіленне яго ад выканання абавязкаў генеральнага сакратара. Пры гэтым яму прапанавана застацца ў складзе партыі і працягваць працу ў іншай якасці.

Такім чынам, любыя інтэрпрэтацыі, якія падаюць гэта як «канфлікт» або «развал» партыі, з’яўляюцца маніпулятыўнымі і не адпавядаюць рэчаіснасці.

Выканаўчая Рада партыі “Народная Грамада”, кіруючыся Палажэннем аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі”, паведамляе наступнае:

У снежні 2023 года справаздачна-выбарчая канферэнцыя партыі прыняла рашэнне ў сваёй дзейнасці кіравацца Палажэннем аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі” замест Статута, бо Статут рэгламентаваў дзейнасць партыі толькі ў Рэспубліцы Беларусь.

У адпаведнасці з гэтым рашэннем усе людзі, якія знаходзіліся ў зняволенні або змагаліся ва Украіне, захоўвалі свае пасады. Работу праводзілі абраныя шляхам адкрытага галасавання людзі з прыстаўкай «выконваючы абавязкі». Гэта было данінай павагі (п. 2 Пратакола №1).

Згодна з Палажэннем аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі” пасля вызвалення Сяргея Спарыша, яму аўтаматычна вярнулі пасаду генеральнага сакратара з пераводам Алены Філатавай на пасаду намесніцы старшыні па Беларусі і Украіне.

Да нашага вялікага жалю, Сяргей Спарыш не прыняў дзеючую мадэль працы партыі, не прыняў справы ад в. а. генеральнага сакратара Філатавай Алены і заявіў, што не прызнае Палажэнне аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі”, і выйшаў з чату Выканаўчай Рады партыі “Народная Грамада”. За паўтара месяца знаходжання ў складзе віленскай суполкі Сяргей Спарыш стварыў нецярпімую атмасферу сварак і ўзаемных абвінавачванняў у бяздзейнасці чальцоў партыі, і самая вялікая суполка партыі апынулася на мяжы развалу. Шмат людзей стаяць на парозе выхаду з партыі. Адзін сябар партыі пакінуў чат віленскай суполкі.

Выканаўчая Рада партыі “Народная Грамада” была вымушана рэагаваць. Паўстала пытанне аб выключэнні Сяргея Спарыша ў адпаведнасці з Палажэннем аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі” (п. п. а) п. 9 Пратакола №3). Але пасля цяжкіх дыскусій было вырашана ўсё ж пакінуць нашага старога таварыша, даўшы яму шанец адаптавацца, рэабіліціравацца, прадаставіўшы яму магчымасць аднавіць канструктыўны ўдзел у працы партыі.

Кіруючыся вышэйзазначанымі фактамі, Выканаўчая Рада партыі “Народная Грамада” прыняла цяжкае, але неабходнае рашэнне:

1. Адхіліць Сяргея Спарыша ад выканання абавязкаў генеральнага сакратара.
Абгрунтаванне: парушэнне Пратакола №7 Палажэння аб “Крызіснай сітуацыі ў партыі”.

2. Прапанваць Сяргею Спарышу выконваць абавязкі старшыні інфармацыйнай камісіі (пры яго згодзе) з выпрабавальным тэрмінам адзін месяц.

3. Абавязкі генеральнага сакратара даручыць выконваць Алене Філатавай да знаходжання кандыдатуры на гэтую пасаду або да наступнай справаздачна-выбарчай канферэнцыі.

Выканаўчая Рада партыі “Народная Грамада”.
21.10.2025 г.

Адначасова з гэтым звяртаем увагу на Заяву Выканаўчай Рады ад 10.11.2025 году.