Сёння ў Вільні партыя «Народная Грамада» разам з аб’яднаннем палітвязняў RE:BELarus і арганізацыяй “Дапамога” ўшанавалі памяць Вітольда Ашурка ў дзень яго нараджэння.
Вітольд Ашурак быў арыштаваны за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года і асуджаны на 5 гадоў калоніі. Ён памёр 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах. Паводле афіцыйнай версіі — «спыненне сэрца», але ўсе сведчанні паказваюць: яго катавалі.
Актывісты таксама ўзгадалі Мікалая Клімовіча, сябра нашай партыі, які, як і Вітольд, загінуў у турме. Мікалай Клімовіч быў асуджаны за рэакцыю “смешна” на карыкатуру на Лукашэнку, размешчаную ў сацсетках. Ён меў захворванне сэрца, інваліднасць, перанёс інсульт і патрабаваў медыцынскага дагляду. Але ад турмы гэта не ўратавала — ён памёр за кратамі 5 траўня 2023 года.
Мы памятаем пра нашых герояў і працягваем іх справу. Беларусь абавязкова будзе вольнай.