Канцэрт Ігара «Вожыка» Палынскага ў Вільні аб’яднаў беларусаў і сяброў БеларусіУчора на пляцоўцы Бел…

Канцэрт Ігара «Вожыка» Палынскага ў Вільні аб’яднаў беларусаў і сяброў Беларусі

Учора на пляцоўцы Беларускага Замку ў Вільні адбыўся канцэрт вядомага беларускага музыкі, лідара гурта Sumarok — Ігара «Вожыка» Палынскага, пры падтрымцы беларускага музыкі Юрыя Несцярэнкі і літоўскага перкусіяніста Бернарда.

Падчас больш чым двухгадзіннага выступу прагучала пара дзясяткаў аўтарскіх кампазіцый. Ігар Палынскі не толькі выконваў свае песні, але і дзяліўся гісторыямі са свайго жыцця — як у Беларусі, так і ў эміграцыі ў Беластоку. Тэмпераментнае і душэўнае выступленне мела элементы стэндапу, што зрабіла вечар асабліва цёплым і хатнім.

На канцэрце прысутнічала больш за дваццаць гледачоў — беларусы, украінцы, літоўцы і рускія. Паводле ўдзельнікаў, «музыка мацнейшая за зброю — яна аб’ядноўвае людзей лепш за палітыкаў».

Да Палынскага пазней далучыліся Юры Несцярэнка і літоўскі перкусіяніст, а за якасны гук і настрой удзячнасць атрымаў тэхнічны спецыяліст, музыка Сяргей Kosmas. Завяршылася імпрэза супольным выкананнем легендарнай песні пратэсту «Муры», якая стала сімвалам свабоды і супраціву.

Пасля асноўнай праграмы адбыўся «вольны мікрафон», падчас якога выступіла ўдзельніца з Украіны, выканаўшы прыгожую песню. У зале гучалі словы салідарнасці: «Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў аб’яднання былых палітвязняў у Літве — Ілля Міронаў (RE:BELarus) — адзначыў, што такія сустрэчы дапамагаюць умацоўваць беларускую супольнасць і даюць сілы працягваць барацьбу за свабоду.

«Гэта быў вечар шчырасці, музыкі і надзеі. Да новых сустрэч!» — падсумавалі арганізатары.