Сёння — сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі27 ліпеня 1990 года ў Мінску быў прыняты дакумент, які …

Сёння — сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі

27 ліпеня 1990 года ў Мінску быў прыняты дакумент, які стаў паваротным момантам у гісторыі нашай краіны — Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. Менавіта яна ўпершыню афіцыйна замацавала права беларускага народа на самастойнае жыццё — без вонкавага ўплыву, без падпарадкавання чужой волі.

Менавіта 27 ліпеня Беларусь упершыню сказала: мы — самастойная дзяржава. Яшчэ не вольная, яшчэ з камуністычным урадам, яшчэ ў складзе Савецкага Саюза — але ўжо на шляху да сапраўднай незалежнасці.

Гэтая дата важная для ўсіх, хто марыць пра Беларусь, якой кіруе не дыктатар, а сам народ. Для тых, хто хоча бачыць нашу краіну дэмакратычнай, мірнай і адкрытай. Для тых, хто ведае: незалежнасць — гэта не парад і не фармальныя рытуалы. Гэта выбар. І гэта адказнасць.

Сёння мы працягваем змагацца за сапраўдную незалежнасць. І мы дакладна ведаем: яна будзе.

З Днём Незалежнасці, беларусы!
Жыве Беларусь!