21 траўня — дзень памяці Вітольда АшуркаСёння спаўняецца чатыры гады з таго дня, як у шклоўскай кало…

21 траўня — дзень памяці Вітольда Ашурка

Сёння спаўняецца чатыры гады з таго дня, як у шклоўскай калоніі №17 загінуў Вітольд Ашурак — беларускі грамадскі і палітычны актывіст, сябра Партыі БНФ і каардынатар руху «За свабоду». Ён быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года і прызнаны палітвязнем.

Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Аднак сваякі і праваабаронцы адзначаюць, што цела Вітольда мела прыкметы збіцця: галава была забінтаваная, рукі — распухлыя. Крымінальная справа па факце яго смерці дагэтуль не ўзбуджаная. І дагэтуль за яго смерць ніхто не пакараны.

Вітольд быў вядомы сваёй непахіснасцю і адданасцю Беларусі. У сваіх лістах з турмы ён пісаў: «Перамагае той, хто не здаецца!» і «Мы не памерлі і не сышлі назаўжды. Мы вернемся!»

На жаль, Вітольд Ашурак не дажыў да таго дня, калі Беларусь стала мірнай і вольнай. Але дзеля яго і іншых палітвязняў ды загіблых ад рук карнікаў рэжыму мы павінны змагацца за будучыню Беларусі. Таму партыя “Народная Грамада” працягвае распавядаць пра палітвязняў на міжнародным узроўні. Мы не здаемся, як таго хацеў і Вітольд Ашурак.