#тэорыямовыАсобы, асобны, асаблівы, асабісты, асабовы  – як не заблытацца?Асобы, асобны, асаблівы, а…

#тэорыямовы

Асобы, асобны, асаблівы, асабісты, асабовы  – як не заблытацца?

Асобы, асобны, асаблівы, асабісты, асабовы — гэта так званыя паронімы, то бок словы, што гучаць падобна, але маюць рознае значэнне. Падобнае гучанне словаў звычайна абумоўленае наяўнасцю аднаго кораня пры розных афіксах (прыстаўках або суфіксах). Няправільнае ўжыванне паронімаў – з’ява дастаткова распаўсюджаная. І яна сведчыць пра не вельмі добрае валоданне мовай, а часам і пра агульны ўзровень моўцы.

Слова асобны (рус. отдельный) мае наступныя значэнні 1. ‘той, што вылучаны з шэрага іншых, існуе асобна побач з іншымі’ (асобныя групы людзей). 2. вайск. ‘які з’яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, не ўваходзіць у склад больш буйнога вайсковага злучэння’ (асобны танкавы батальён).
Не блытаць са словам асобы (рус. особый)якое таксама мае два значэнні 1. ‘адметны, не падобны да іншых; асаблівы, свой, толькі яму ўласцівы; індывідуальны’ (Для апрацоўкі градак у нас былі асобыя прылады.). Сёння ў гэтым значэнні часам можа таксама ўжываецца слова адмысловы (Для апрацоўкі градак у нас былі адмысловыя прылады.). 2. ‘які мае спецыяльныя функцыі, спецыяльнае прызначэнне’ (асобы аддзел).

Слова асаблівы (рус. особенный, особый) у першым сваім значэнні — ‘не падобны да іншых; не такі, як усе; адметны’ — супадае са словам асобы і ўжываецца нават часцей за яго (асаблівы позірк, асаблівае заданне). Другое значэнне – ‘больш значны, чым звычайны’ (асаблівае запрашэнне).

Слова асабісты (рус. личный) – гэта той, што “належыць пэўнай асобе, прызначаны для яе; звязаны з канкрэтнай асобай” (асабісты лёс чалавека, асабісты почырк). Каб праверыць правільнасць ужывання, слова асабісты можна ў кантэксце замяніць словам індывідуальныперсанальны без парушэння сэнсу (персанальны лёс).

Яшчэ адно падобнае да вышэй пералічаных словаў – асабовы (рус. личный, лицевой) – ‘які выражае граматычную катэгорыю асобы’ (асабовы займеннік). Слова асабовы таксама ўжываецца ў некалькіх устойлівых назвах:

асабовы склад — склад асоб (рабочых, служачых) якой-н. установы, прадпрыемства, вайсковага падраздзялення і г.д.(асабовы склад вучэльні);
асабовы рахунак – бухг. рахунак, адкрыты на пэўную асобу, рус. лицевой (асабовы рахунак супрацоўніка);
асабовая справа — папка з дакументамі якой-н. асобы, што працуе ў дадзенай установе (Асабовая справа заўсёды захоўваецца ў аддзеле кадраў).