
Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч у размове з Радыё Свабода распавёў пра асноўныя праблемы беларускай адукацыі: узмацненне ідэалагічнай апрацоўкі дзяцей і мілітарызацыю адукацыйнага працэсу.
Галоўнае з інтэрв’ю:
Пра ідэалагічнае выхаванне
«Сістэмная праблема ў тым, што адукацыя ў школах становіцца не галоўнай задачай. Галоўная задача — ідэалагічнае выхаванне, або, калі казаць больш дакладна, індактрынацыя — выхаванне паслухмянасці да ўлады. За тым, як школы выконваюць ідэалагічную праграму, цяпер сочыць нават пракуратура. Пры гэтым узроставы парог такой “апрацоўкі” панізіўся ўжо да дзіцячых садкоў: туды прыходзяць вайскоўцы, паказваюць зброю, даюць дзецям яе патрымаць. Чым старэйшымі становяцца дзеці, тым больш актыўна іх уцягваюць у гэтую сістэму».
Пра мілітарызацыю адукацыі
«Другая вялікая праблема — мілітарызацыя. У школах аднаўляецца пачатковая ваенная падрыхтоўка, але цяпер гэта ўжо цэлая сістэма, якая ахоплівае дзяцей ад першага класа і да апошняга курса ўніверсітэта. “Зарнічка”, “Зарніца”, “Арляняты”, “Прарыў”, конкурсы ваеннага строю і песні, вайсковыя клубы — усё гэта становіцца часткай адукацыйнага працэсу. Асабліва паказальна, што сёлета на вайсковыя зборы накіроўвалі не толькі хлопцаў, але і дзяўчат. У Беларусі патрыятычнае выхаванне фактычна ператварылася ў ваенна-патрыятычнае: іншага патрыятызму, акрамя як у галіфэ і колерах хакі, цяпер не ўяўляюць».
Пра якасць адукацыі і закрытасць вынікаў
«Беларусь адзін раз удзельнічала ў міжнароднай праграме ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA, а пасля вырашыла больш не ўдзельнічаць. Два разы праводзілася Рэспубліканская праверка якасці ведаў, але яе вынікі так і не апублікавалі. Нават калі б вынікі былі апублікаваныя, узнікае пытанне: з чым іх параўноўваць? Школа пакуль яшчэ больш-менш працуе і пэўная база захоўваецца. А вось вышэйшая адукацыя коціцца пад адхон, бо там ёсць магчымасць рабіць больш дакладныя замеры якасці».