
Паводле палітыка, пяць гадоў таму з беларускім народам здарылася трагедыя: праз рэпрэсіі, запалохванні, публічныя і інфармацыйныя кампаніі, з краіны з’ехалі паўмільёна суграмадзян.
«Улічваючы якасць гэтых выгнаных з Беларусі людзей, сярэдні ўзровень іх адукацыі ды актыўнасць, эканоміцы нашай краіны, перспектывам яе развіцця нанесена каласальная шкода».
Былы палітзняволены лічыць, што рэжым за кошт будучыні нашага народу зрабіў бясплатны падарунак іншым дзяржавам. Ён таксама звязаў гэта з падрыхтоўкаю да поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны:
«Думаю, што масавая “зачыстка” Беларусі ў 2021 годзе адбывалася, таксама, і як перадваенная падрыхтоўка да ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну з нашай тэрыторыі. Каб перадухіліць пратэсты ці актыўныя дзеянні ў тыле расейскай групоўкі на нашай зямлі».
Статкевіч піша, што беларусы, якія апынуліся за мяжою, могуць быць патэнцыялам для будучага развіцця вольнай Беларусі, а могуць быць нашай стратай. Палітык лічыць вельмі важным не страчваць пачуцця еднасці і агульнай адказнасці за будучыню Беларусі.
«Пэўнае адчужэнне паміж намі па розныя бакі мяжы непазбежна нарастае і гэтаму трэба супрацьстаяць. Найперш, важна, каб мы паважалі выбар адзін другога і не лічылі чужымі адзін аднаго».
Паводле Статкевіча, калі беларусы замежжа хочуць некалі вярнуцца на Радзіму без рызыкі для сябе і самапрыніжэння ў нейкіх «камісіях» – трэба разумець, што ўсё гэта, у найбольшай ступені, залежыць ад тых беларусаў, якія засталіся на сваёй зямлі:
«Спыніце ў сацсетках абразы ў іх бок, перастаньце наракаць сваім знаёмым ці сваякам, што яны «дурні, бо дагэтуль не звалілі». Будзьце проста ўдзячныя тым, хто зрабіў і робіць гэты небяспечны зараз выбар на карысць сваёй краіны, бо яны – гэта асноўны шанец на вызваленне і захаванне Беларусі».