«27 ліпеня 1990 года — дзень, калі беларусы заявілі: у нас ёсць права на сваю дзяржаву. 35 гадоў прайшло з моманту прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце — дакумента, які адлюстраваў намер нашага народа і яго волю жыць па ўласных правілах.
Сёння, калі краінай кіруе прарасійскі рэжым, а незалежнасць губляецца з кожным подпісам пад чарговай дамовай з Крамлём, гэтая гістарычная падзея выглядае не проста датай, а напамінам. Напамінам, што незалежнасць не падае з неба проста так і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць.
Беларусь, падпарадкаваная знешняй волі — не тое, за што галасаваў Вярхоўны Савет у 1990-м. І не тое, што трэба краіне сёння. Законы ў краіне павінны стварацца ў інтарэсах грамадзянаў, а не інтарэсах аднаго чалавека ці чужой дзяржавы. А будучыню павінна вызначаць воля народа, а не пагадненні за зачыненымі дзвярыма ці кулуарныя дамовы.
Менавіта за такую, вольную Беларусь трэба змагацца далей. Суверэнітэт і яго захаванне — гэта не пара сказаў у архіўных дакументах, а нашая задача. І выкананне гэтай задачы залежыць ад кожнага і кожнай».