Сёння адзначаецца Нараджэнне Дзевы Марыі і Багач — свята ўраджаю, дабрабыту і восеньскага раўнадзен…

Svitanak #Культура

Сёння адзначаецца Нараджэнне Дзевы Марыі і Багач — свята ўраджаю, дабрабыту і восеньскага раўнадзенства

8 верасня ў хрысціянскай традыцыі адзначаецца Нараджэнне Божай Маці. З гэтым святам у беларускай народнай культуры цесна звязваўся і Багач — свята, якое падсумоўвала цыкл вырошчвання ўраджаю і сімвалічна адкрывала восень.
Галоўным атрыбутам свята быў сам Багач — лубок з жытам, у сярэдзіну якога ставілі свечку. Зерне для яго збіралі ўсёй грамадой. Свечка сімвалізавала сонца і святло, а зерне — ураджай, дастатак і працяг жыцця.

У хрысціянскім календары Нараджэнне Божай Маці — адно з вялікіх багародзічных святаў. Паводле царкоўнага падання, праведныя Іякім і Ганна доўгі час не мелі дзяцей і няспынна маліліся Богу. Іх малітва была пачута — у сям’і нарадзілася Марыя, якой наканавана было стаць Маці Ісуса Хрыста. Таму свята звязваюць з надзеяй, даверам да Бога, удзячнасцю за Яго дары і пачаткам новага этапу ў гісторыі збаўлення.

Этнограф Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча, апісваў абрад так: у хату, дзе захоўваўся Багач, запрашалі святара. Пасля набажэнства запаленую свечку з жытам абносілі па вёсцы і вакол статка. Затым Багач пераносілі ў іншую хату, дзе ён заставаўся да наступнага года. Лічылася, што абрад павінен быў спрыяць ураджайнасці, дабрабыту сям’і і плоднасці жывёлы.

Так у народнай традыцыі перапляталіся хрысціянская падзяка Богу за Яго дары і старажытныя земляробчыя звычаі, звязаныя з заканчэннем жніва.

З Багачом звязвалі і пачатак новага земляробчага этапу:
«Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку».

А пра надыход восені казалі проста:
«Другі святок — восень, браток».


Усіх ахвотных запрашаем сёння далучыцца да святкавання Нараджэння Божай Маці. Няхай падарункам Багародзіцы ад кожнага стане добрая справа.

Урачыстая служба пачнецца ў 18:30.

Пасля Літургіі адбудзецца сябрына і святкаванне Багача — з песнямі, пачастункамі і, магчыма, танцамі. Да святкавання далучыцца этнаграфічны гурт «Світанак».