DÍA DE MUERTOS: КАЛІ СМЕРЦЬ СТАНОВІЦЦА СВЯТАМ ЖЫЦЦЯ!А вы ведалі, што ў Мексіцы смерць — гэта не тол…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

DÍA DE MUERTOS: КАЛІ СМЕРЦЬ СТАНОВІЦЦА СВЯТАМ ЖЫЦЦЯ!

А вы ведалі, што ў Мексіцы смерць — гэта не толькі нагода для смутку, але і для сапраўднага свята?

Штогод 1 і 2 лістапада мексіканцы адзначаюць Día de Muertos — Дзень мёртвых, адно з самых яркіх і незвычайных святаў у свеце!

Гісторыя гэтага свята фарміравалася стагоддзямі, спалучаючы старажытныя вераванні карэнных народаў Мексікі з каталіцкімі традыцыямі, якія прыйшлі разам з іспанцамі ў XVI стагоддзі.

Паводле народных павер’яў, у гэтыя дні душы памерлых вяртаюцца ў свет жывых, каб зноў пабыць побач са сваімі блізкімі. Таму сем’і ствараюць адмысловыя алтары — ofrendas, упрыгожваюць іх фотаздымкамі родных, свечкамі, любімымі стравамі памерлых і аранжавымі аксаміткамі, якія, паводле традыцыі, дапамагаюць душам знайсці дарогу дадому.

А яшчэ неад’емнымі сімваламі свята сталі рознакаляровыя чарапы, музыка, танцы і знакамітая La Catrina — элегантная дама-шкілет у раскошным капелюшы.

У 2008 годзе традыцыя Día de Muertos была ўключаная ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

І самае цікавае — сёлета далучыцца да мексіканскага свята можна і ў Вільні!

У суботу, 31 кастрычніка, а 16:00 на Кафедральнай плошчы пачнецца традыцыйнае шэсце катрын, арганізаванае мексіканскай супольнасцю Літвы! Удзельнікі ў яркіх касцюмах пройдуць да Дома гісторый, дзе працягнецца святочная праграма з музыкай і танцамі.

А ўжо а 18:30 мы чакаем вас у Беларускім замку на QUIZAVA: DÍA DE MUERTOS!

Вас чакаюць шэсць тураў тэматычнага квіза, містычная атмасфера, кактэйлі ад нашага бармэна Сяргея і, вядома ж, КОНКУРС НА НАЙЛЕПШЫ КАСЦЮМ З ПРЫЗАМ!

Таму апранайце свае самыя неверагодныя касцюмы, далучайцеся да мексіканскага шэсця, а пасля працягнем святкаванне разам у Замку!

¡QUE VIVA LA VIDA!

Бо пакуль мы памятаем — ніхто не знікае назаўсёды.

#QUIZAVA