Субота перад святам святога велікамучаніка Змітра Салунскага ў літургічных календарах многіх славян…

Грэка-католікі Беларусі ##Царква #Царква

 Субота перад святам святога велікамучаніка Змітра Салунскага ў літургічных календарах многіх славянскіх краін, у тым ліку і Беларусі, пазначана як памінальная. Сёлета яе адзначаюць 24 кастрычніка.

У тыднёвым коле візантыйскай традыцыі, якую перанялі Балканы і Русь, кожная субота прызначаная для памінання памерлых. З IX–X ст. у літургічным календары з’яўляюцца дні ўсяленскага памінання: суботы перад Мясапуснай нядзеляй, другая, трэцяя і чацвёртая суботы Вялікага посту, а таксама субота перад Пяцідзясятніцай. Гэта найстаражытнейшыя памінальныя дні.

Змітраўская субота, як і некаторыя іншыя дні памінання памерлых, — параўнальна позняе новаўвядзенне, і ва ўставах, перанятых з Візантыі, іх няма. Верагодна, яны сталі элементамі інкультурацыі на славянскіх землях, дзе восеньская пара ўвогуле прысвячалася памінанню продкаў. Каб надаць гэтаму звычаю хрысціянскае значэнне, з’яўляліся асаблівыя дні малітвы за памерлых. Адсюль і памінанне памерлых на наступны дзень пасля Дня ўсіх святых (2 лістапада) ў лацінскай традыцыі, субота перад святам Сабору архістратыга Міхаіла і ўсіх анёльскіх сілаў (Балгарыя і некаторыя рэгіёны Украіны) і, вядома, Змітраўская субота.

Некаторыя даследчыкі звязваюць яе з роўнаапостальнымі Кірылам і Мятодам. Асветнікі на славянскіх землях сутыкнуліся з язычніцкімі звычаямі восеньскага памінання памерлых. Каб іх хрысціянізаваць, яны ўстанавілі асаблівы дзень малітвы за тых, хто адышоў у вечнасць, — суботу перад святам у гонар велікамучаніка Змітра, якога асабліва шанавалі ў іх родным горадзе Салунях.

На сёння вядомая яшчэ адна прывязка — да бітвы маскавітаў на чале з Дзмітрыем Данскім на Куліковым полі ў 1380 г. Аднак такая трактоўка суботы перад 26 кастрычніка як дзень памінання ўсіх загінулых за «цара і айчыну» ўзнікае толькі з XIX ст., калі этнограф Пётр Бяссонаў запісаў «Верш пра Дзімітрыеўскую бацькоўскую суботу, або бачанне Дзмітрыя Данскога» невядомага аўтара, а імператарскі ўказ 1903 г. прадпісаў у гэты дзень здзяйсняць паніхіду.