
#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 6
Алегу — 43 года. Нарадзіўся ў Менску. Жыве ў Літве з 2023 года.
Пра страчаныя надзеі
Пра абуджэнне
Пра 9 жніўня
Пра працяг барацьбы
Пра стомленасьць
Алегу — 43 года. Нарадзіўся ў Менску. Жыве ў Літве з 2023 года.
Пра страчаныя надзеі
Я памятаю, як у сьнежні 2010-га ў адзін марозны вечар з’явілася надзея на лепшую будучыню для нашае краіны. Але ў той жа вечар гэтая надзея была растаптаная ботамі лукашэнкаўскіх амапаўцаў. Я памятаю лета 2011-га, як прывіды гэтае надзеі яшчэ луналі над вуліцамі майго роднага Менску. Памятаю, як і гэтыя прывіды сыйшлі ў нябыт. Памятаю атмасфэру суцэльнае прыгнечанасьці… Потым нібыта ўсё супакоілася на нейкі час. Часам нібыта нейкія балотныя агеньчыкі, то тут то там, мільгалі нейкія падзеі. Пратэсты 2017-га году, стагоддзе БНР, акцыі супраць інтэграцыі з расеяй… Гэта былі радасныя і адначасова балючыя моманты, але агулам нашая краіна быццам бы працягвала жыць, не прыходзячы ў прытомнасьць…
Пра абуджэнне
Але ў 20-м годзе пачалося нешта незвычайнае. Я пабачыў, як раптам людзі, якіх дагэтуль не хваляваў лёс нашае краіны, якія проста жылі сваё ціхае жыцьцё, якіх на працягу доўгіх гадоў прымушалі думаць ды клапаціцца толькі пра “хлеб надзённы” – нібыта прачнуліся. Я ўбачыў, што людзі больш ня хочуць цярпець беззаконьне. І ўбачыў, як вялізную колькасьць людзей акрыляе натхненьне. Ды што нас, тых, якія жадаюць тых самых славутых пераменаў, якія жадаюць зрабіць Беларусь вольнай, незалежнай, дэмакратычнай ды беларускай – ужо ня купка людзей, якіх часам успрымалі, як нейкую сэкту дзівакоў, а вялізныя натоўпы. Я пабачыў, як людзі нават супрацьлеглых поглядаў яднаюцца дзеля агульнае мэты… Дзень за днём, крок за крокам, усё зьмянялася. Зьмяняліся людзі, горад, краіна. І зьмяняліся незваротна. Я бачыў, як улады намагаюцца перашкаджаць таму, што адбываецца. Бачыў, як гэтыя намаганьні не дасягалі мэты.
Пра 9 жніўня
І вось, надыйшоў той самы дзень. 9-е жніўня. Я прыйшоў на выбарчы ўчастак, сфатаграфаваў свой бюлетэнь. Адправіў куды трэба. Стаяў пад выбарчым участкам да тае пары, пакуль зь яго пад канвоем амапу не вывезлі ўдзельнікаў выбарчае камісыі разам з вынікам выбараў. А потым паехаў на стэлу. І там я ўбачыў пекла. Там я ўбачыў вайну. Я пайшоў туды, разумеючы, куды йду, ды ведаючы, што калі што – я не змагу зьбегчы. Я на той момант ужо быў інвалідам, хадзіў тады з кійком. Але я разумеў адную простую рэч. Калі я знайду для сябе прычыну, каб не пайсьці – там будзе на аднаго чалавека менш.
Пра працяг барацьбы
У наступны дзень я прыходзіў у сябе, ды думаў, што зараз будзе як у 2010-м. Разагналі нас, ды мы пахаваліся па норах да лепшых часоў. А потым я ўбачыў навіны. Аб тым, што нічога ня скончылася. Што змаганьне працягваецца. А потым я пачуў з свайго вакна галасы, якія крычалі “Жыве Беларусь”, пачуў, як машыны сыгналілі гэтым галасам. Проста ў маім раёне. Проста побач са мной. І тады я вырашыў, што калі вось так яно адбываецца – дык і асабіста для мяне змаганьне ня скончыцца да тае пары, пакуль мы не пераможам. І ад таго часу рабіў сваімі невялікімі ды сьціплымі сіламі ўсё, што мог, каб наблізіць гэты момант перамогі.
Пра стомленасьць
З тае пары мінула ўжо 6 год. Велізарная колькасьць людзей, якія гарэлі полымем у 20-м годзе – альбо вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі, каб не сядзець, альбо адсядзелі ды з’ехалі, альбо жывуць у Беларусі, вымушаныя пужацца кожнага гуку… Я й сам, пасядзеўшы двойчы на соднях і аднойчы па крыміналцы, вымушаны быў напрыканцы 2023-га году зьбегчы ў Літву. Дарэчы я не саромеюся слова “зьбегчы”. Няхай саромеюцца тыя, хто ператварыў маю радзіму ў суцэльны канцлягер. Я ўбачыў тут, што сярод людзей з’явілася стомленасьць, расчараваньне… Людзі, пад цяжарам тых праблемаў, якія на іх зваліліся, пачалі забывацца на тое, што ды чаму іх у свой час аб’яднала. Пачалі сварыцца адзін з адным, забывацца пра тое, хто з’яўляецца сапраўдным ворагам ды прычынаю таго, што з намі сталася…