
#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 5
Максіму — 31 год. У Літве з 2021 года. Працуе відэааператарам. Любіць радыё, журналістыку і гатаваць дранікі.
Пра палітыку і творчасць
Пра відэа і радыё
Пра 9 жніўня
Пра 16 жніўня і вымушаную эміграцыю
Пра Ўкраіну
Пра Радзіму
Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin
Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.
Максіму — 31 год. У Літве з 2021 года. Працуе відэааператарам. Любіць радыё, журналістыку і гатаваць дранікі.
Пра палітыку і творчасць
Палітыкай я цікавіўся з дзяцінства, але па-сапраўднаму пачаў задаваць пытанні яшчэ ў падлеткавым узросце — пасля Плошчы-2010. Для мяне ж падзеі 2020 года пачаліся 8 траўня, калі я пачуў у навінах дату прэзідэнцкіх выбараў.
Праз месяц, у чэрвені, я ўбачыў, што «Годна» ладзіць конкурс на «гарачы пратэстны хіт» гэтага лета, і прапанаваў сябрам паўдзельнічаць. Адзін сябар напісаў музыку, я — словы. Так нарадзілася песня «Тры працэнты». У апошні дзень конкурсу мы змантавалі невялікі кліп, у які ўвайшлі кадры, знятыя мной падчас ланцуга салідарнасці ў раёне Грушаўкі. Цікава, што першае месца тады занялі TOR BAND з песняй «Мы не народзец», а нашая праца стала другой.
Пра відэа і радыё
Яшчэ ў траўні я вырашыў, што буду ствараць архіў дакументальных кадраў пра тое насычанае палітычнымі падзеямі лета. У вольны час выязджаў на здымкі, хадзіў з камерай на акцыі і сустрэчы Заўсёды быў у масцы. Але мая чорная маска мела адну асаблівасць — на ёй была Пагоня. Людзі спачатку насцярожваліся: мабыць, думалі, што я «ціхар». І толькі калі падыходзілі бліжэй, заўважалі сімвал на масцы.
У ліпені, перад першым мітынгам жаночага трыа, у чаце «Светлагорск для жыцця» я ўбачыў аб’яву ад «Вадзіцеляў 97%» пра запуск новага праекта — «Радыё 97%». На той момант у мяне ўжо быў амаль дзесяцігадовы досвед працы на інтэрнэт-радыё, таму я вырашыў звязацца са стваральнікам праекта і прапанаваць сваю дапамогу. Так я стаў часткай «Радыё 97%». Паколькі на працы ў мяне былі вакацыі, я змог цалкам прысвяціць сябе запуску радыё.
Пра 9 жніўня
Памятаю, як раніцай 9 жніўня пачаліся праблемы з інтэрнэтам. Нашыя слухачы адразу гэта адчулі, бо аўтаматычна запусцілася рэзервовая трансляцыя з іншага сервера. У той дзень я быў у Светлагорску, дзе хацеў прагаласаваць на сваім участку. Я ўдзельнічаў там у пратэсце, а ўжо вечарам 10 жніўня ішоў ад Вакзала праз Нямігу ў бок Пушкінскай. Добра памятаю вялікую колькасць амапаўцаў і вайскоўцаў каля будынка БДУ.
Пра 16 жніўня і вымушаную эміграцыю
Гэта быў неверагодна натхняльны дзень. Усюды — бел-чырвона-белыя сцягі, самаробныя плакаты, усмешкі. Здавалася, што мы ўжо перамаглі і гвалту больш ніколі не будзе. На жаль, гэта быў толькі пачатак.
Праз некалькі дзён у інтэрнэт злілі спіс адміністратараў чата «Вадзіцелі 97%», і я ўбачыў там сваё імя, прозвішча і адрас рэгістрацыі. Мне патэлефанавалі з гомельскага ГУБАЗіКа і прапанавалі «сустрэцца і паразмаўляць». Тады я зразумеў: калі не з’еду з Беларусі, «Радыё 97%» проста спыніць сваё існаванне. У тую ж ноч я выехаў ва Украіну.
Пра Ўкраіну
У Чарнігаве я яшчэ быў упэўнены, што з’ехаў усяго на месяц ці два. Мне нават не хацелася думаць пра тое, што ў свае 25 гадоў я страціў Радзіму. Памятаю, як размаўляў з украінцамі па-беларуску, і яны сказалі мне, якая ў нас прыгожая мова. Гэта быў адзін з тых момантаў, калі я асабліва востра адчуў сваю беларускасць.
У кастрычніку я прыехаў у Кіеў рабіць візу, каб мець магчымасць ехаць далей у Еўрапейскі саюз. Да вымушанай эміграцыі я ніколі не быў за межамі Беларусі, і Украіна вельмі хутка стала для мяне блізкай. Я вельмі люблю Украіну. Але, на жаль, нават там не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы. Гэта былі вельмі няпростыя часы, і перад вачыма пастаянна паўставаў лёс Паўла Шарамета, забітага ў Кіеве.
Пра Радзіму
Раней я ніколі не мог уявіць, што чалавека можна так проста пазбавіць сваёй краіны. Але я веру, што ніводзін рэжым не можа існаваць вечна. І таму мая галоўная надзея — у тым, што я яшчэ малады. Я яшчэ абавязкова вярнуся дадому. Зноў прайдуся па родных вуліцах, наведаю сваю вёску, магілы блізкіх, праедуся на ровары ў Сасновы Бор, Стракавічы і Мядкоў.
Пакуль жыву я — мая Беларусь заўсёды будзе жыць разам са мной.
Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin
Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.